Напярэдадні Сусветнага дня псіхічнага здароўя ў сярэдняй школе № 2 Верхнядзвінска прайшлі мерапрыемствы, якія дазволілі зрабіць акцэнт на важнасці разумення свайго эмацыйнага стану, умення распазнаваць пачуцці іншых людзей, захавання псіхалагічнага здароўя і бяспекі навучэнцаў.
Фарміраванню спрыяльнага мікраклімату ў класных калектывах і ў школе ў цэлым спрыялі заняткі з элементамі трэнінгу “Правілы трох “С”: “слухаць”, “спачуваць”, “супрацоўнічаць”, якія правяла педагог-псіхолаг школы малады спецыяліст Вольга Казлова. А такія заняткі, як “Жыццё – галоўная каштоўнасць чалавека”, былі накіраваны на фарміраванне ўстойлівых адносін да негатыўных праяў соцыума і выхаванне станоўчых звычак у школьнікаў.
Да правядзення заняткаў з навучэнцамі былі запрошаны псіхолаг Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бальніцы А.В.Сушко і псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Верхнядзвінскага раёна Д.В.Лапека. Так, Дыяна Лапека ў зносінах з сямікласнікамі спынілася на праблеме канфліктаў. Багаты вопыт работы Аксаны Сушко дазволіў правесці са старшакласнікамі групавыя прафілактычныя трэнінгі “Кошт і каштоўнасці жыцця” па фарміраванні псіхасацыяльных навыкаў, накіраваных на папярэджанне паводзінскіх рызык, усведамленне асабістай адказнасці за сваё фізічнае і псіхічнае здароўе. Школьнікам былі прапанаваны кругавая гутарка “З чаго складаецца псіхічнае здароўе?”, хвілінкі развагі “Фактары рызыкі для псіхічнага здароўя”, “Што спрыяе псіхалагічнаму дабрабыту”. З задавальненнем навучэнцы выконвалі інтэрактыўныя заданні “Рука сябра”, “Экспромты са смайлікамі”, “Пантаміма на тэму здаровага ладу жыцця”, мадэлявалі сітуацыі “Калі з сябрам бяда”, “Сам сабе псіхолаг”, “Экстраная дапамогу ў крызіснай сітуацыі”, працавалі з піктаграмамі “Вучымся распазнаваць негатыўныя эмоцыі”. Аксана Віктараўна не пакінула па-за ўвагай праблему шкодных звычак, прысвяціўшы гэтай тэме міні-лекцыю “Яшчэ раз пра спайсы”, дзелавую гульню “Сумныя ператварэнні папяровага чалавечка”, камандныя дыскусіі “Некурыльшчыкі супраць курцоў”. У міні-групах старшакласнікі распрацоўвалі памяткі “Твой выбар – здароўе і жыццё!”
Падрастаючаму пакаленню складана прыстасоўвацца да зменлівых стрэсагенных умоў навакольнай рэчаіснасці. Таму дарослыя людзі, якія маюць вопыт і веды, павінны вучыць тым паводзінскім мадэлям, якія спатрэбяцца ў жыцці.
Алена СЛЯМНЁВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска