Навучэнцы 8–9-х класаў Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Уладзіміра Жамойціна і кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Леаніда Рышкевіча адправіліся ў велапаход у суседнюю ўстанову – Нацкія яслі-сад – сярэднюю школу.
Свой паход доцішскія вучні прысвяцілі Году народнага адзінства.
Шлях пралягаў па багатай на гісторыю зямлі. Падчас паездкі ўдзельнікі наведалі помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Доцішкі, вёсцы Парадунь, вёсцы Нача, магілу воіна-афганца М.М.Жамойціна, могілкі ў вёсцы Шаўры, дзе пахаваны прадстаўнікі роду Нарбутаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё гісторыі роднага краю.
Галоўным аб’ектам наведвання быў Гістарычна-краязнаўчы музей імя Тэадора Острык-Нарбута ў нацкай школе. Экскурсаводы пазнаёмілі гасцей з экспазіцыямі “Рэчы побыту беларускага народа канца ХІХ – пачатку ХХ ст.”, “Тэадор Нарбут, яго сыны Людвік і Станіслаў”, “Пачынальнік археалогіі ў Заходняй Беларусі – Вандалін Аляксандравіч Шукевіч”, “Гісторыя касцёла Ушэсця Прасвятой Панны Марыі і парафіі”, “Падзеі Вялікай Айчыннай вайны”, “Нацкая школа ў імёнах і падзеях”.
На зваротным шляху быў арганізаваны касцёр дружбы, на якім удзельнікі паходу смажылі бульбу і хатняе сала.
Алена РУСЯЛЕВІЧ,
класны кіраўнік 8-га класа
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна