Народны комплексна-краязнаўчы музей “Вытокі” Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна далучыўся да правядзення Рэспубліканскага тыдня музеяў устаноў адукацыі.
Саветам музея быў складзены і абмеркаваны план работы.
Юныя экскурсаводы правялі для вучняў пачатковых класаў тэматычныя экскурсіі “Абутак прабабуль”, “Беларуская хата, шчодрая і багатая”, віктарыну “Загадкі з роднай хаткі”.
Гульня “Зашыфраваны экспанат” зацікавіла пяцікласнікаў і шасцікласнікаў. Вучні 7-га і 8-га класаў наведалі музейную выставу “Лён у жыцці нашых продкаў” і даведаліся, якую каштоўнасць меў лён у мінулым. Для навучэнцаў старшых класаў быў аб’яўлены конкурс на лепшую відэаэкскурсію “З гісторыі малой радзімы”. Пераможцамі ў гэтым творчым спаборніцтве сталі вучні 11-га класа Уладзіслаў Гузевіч і Вікторыя Кавальская, а таксама вучань 9-га класа Захар Калінковіч. Вынікам іх працы стала захапляльная і змястоўная відэаэкскурсія “Лойкі ў паданнях і легендах”, дзе навучэнцы расказалі пра гісторыю ўзнікнення нашага аграгарадка.
Важнай падзеяй у тыдзень музеяў стала тое, што вучань 9-га класа Уладзіслаў Раманчук перадаў у школьны музей капыл, які знайшоў на гарышчы свайго дома. Гэтая рэч цудоўна дапоўніла экспазіцыю школьнага музея “Народныя рамёствы”.
У рамках тыдня для настаўнікаў, вучняў і бацькоў быў прэзентаваны сайт школьнага віртуальнага музея “Вытокі”.
Праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі папулярызацыі дзейнасці нашага музея, выклікалі ў навучэнцаў інтарэс да беларускай культуры і пачуццё гонару за спадчыну роднага краю.
Люцына РАМАНЧУК,
кіраўнік краязнаўчага музея “Вытокі”
Лойкаўскай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна