У лелюкінскай школе прайшоў тыдзень англійскай мовы

- 9:39ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Лелюкінскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна з 18 па 23 кастрычніка праходзіў тыдзень англійскай мовы, які атрымаўся вельмі разнастайным і ўключаў як традыцыйныя, так і нестандартныя мерапрыемствы.

Традыцыйна тыдзень пачаўся з урачыстага адкрыцця, на якім навучэнцы здзейснілі віртуальнае падарожжа ў краіны, мовы якіх вывучаюцца, дзякуючы выкарыстанню мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў. Ва ўсіх жадаючых была магчымасць прыняць удзел у зорнай гадзіне “Я люблю англійскую”. Каманды прайшлі пяць тураў. У выніку гульні была вызначана каманда-пераможца, аднак і астатнія ўдзельнікі не засталіся без увагі – ім былі ўручаны суцяшальныя прызы.

У другі дзень прадметнага тыдня навучэнцы школы падключыліся да відэачеленджу “Get to know the UK”. Юнакі і дзяўчаты падрыхтавалі і прэзентавалі свае працы па самых розных кірунках: кароткая гісторыя і культура, прыродныя і гісторыка-культурныя славутасці Вялікабрытаніі, традыцыі чаявання, славутасці Лондана, літаратурная спадчына і інш. Мерапрыемства спрыяла паглыбленню ведаў замежнай мовы, фарміраванню сацыякультурнай кампетэнцыі, пашырэнню культуралагічнага кругагляду школьнікаў, развіццю іх творчай актыўнасці, эстэтычнага густу і, як вынік, павышэнню матывацыі да вывучэння мовы і культуры іншай краіны.

У трэці дзень настаўнікамі англійскай мовы было арганізавана і праведзена караоке-шоу “Music English 2021”, на якім усе жадаючыя змаглі паказаць як веданне англійскай мовы, так і свае вакальныя здольнасці.

Чацвёрты дзень запрасіў навучэнцаў на выставу-падарожжа. Экспазіцыя “Republic of Ireland” – гэта больш за 200 сучасных паштовак з Ірландыі, Англіі, Аўстраліі. У кожнай паштоўцы – напісаныя ад рукі цёплыя словы і шчырыя пажаданні. Незвычайныя маркі, аб’ёмныя наклейкі, цікавыя малюнкі і выявы – амаль кожная паштовая картка перадавалася з рук у рукі і доўга разглядалася. Асабліва зацікавіла школьнікаў паштоўка з вышыўкай з Ірландыі і картка з маркай, якая пахне суніцамі, а таксама самая старая паштоўка з Уэльса, датаваная 1959 годам.

Юныя наведвальнікі выставы зрабілі для сябе адкрыццё, што падтрымліваць адносіны можна не толькі цераз сацыяльныя сеткі і электронную пошту. Магчыма, для кагосьці экспазіцыя стала пачаткам сапраўднага падарожжа з паштоўкай.

Для вучняў пачатковых класаў у пяты дзень прайшла віктарына “Fanny English”. Дзеці выконвалі заданні на веданне граматыкі і лексікі англійскай мовы, расказвалі скарагаворкі, выконвалі тэставыя заданні на веданне сацыякультурных асаблівасцей Англіі і ЗША. Па завяршэнні гульні пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі.

Закончыўся тыдзень англійскай мовы святам “Now I Know The ABC”. На закрыцці тыдня навучэнцы прадэманстравалі свае таленты. Увазе гасцей былі прадстаўлены сцэнкі, вершы, музычныя нумары. Акрамя гэтага, быў паказаны флешмоб аматараў англійскай мовы, удзельнікі якога заклікалі да вывучэння англійскай мовы.

Самыя актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі. Завяршылася мерапрыемства мультымедыйнай прэзентацыяй, у якой былі адлюстраваны самыя яркія моманты свята.

Нягледзячы на тое, што святкаванне тыдня замежнай мовы скончылася, работа па ўдасканаленні маўленчых уменняў і навыкаў навучэнцаў працягваецца. На працягу навучальнага года вучняў чакаюць інтэрнет-алімпіяды, конкурсы і, вядома, урокі замежнай мовы.

 

Аксана РЭВІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Лелюкінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна  

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий