Тыдзень пачатковых класаў паказаў выдатныя здольнасці дзяцей і прафесіяналізм настаўнікаў

- 14:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні 1–4-х класаў Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна прынялі ўдзел у тыдні пачатковых класаў, які праводзіўся пад дэвізам “Хачу ўсё ведаць!”.

Кожнае дзіця было актыўным удзельнікам усіх падзей тыдня. Вучні мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў розных ролях і відах дзейнасці: майстраваць, фантазіраваць, вылучаць ідэі і рэалізоўваць іх, маляваць, загадваць і разгадваць свае і ўжо існуючыя задачы і загадкі.

Бібліятэкар Аксана Бобніс і настаўнікі пачатковых класаў Галіна Календа і Гражына Цыронак арганізавалі для пачаткоўцаў падарожжы “У свет казак”, “У краіну займальнай матэматыкі”.

Настаўнік пачатковых класаў Валянціна Сенканец запрасіла хлопчыкаў і дзяўчынак на гадзіну вясёлай граматыкі “Лёгкія нялёгкія словы”. А яе калега Гражына Цыронак, усведамляючы, наколькі важная праблема забруджвання навакольнага асяроддзя, прапанавала пачаткоўцам экалагічны ўрок “ПРАсмецце. Ініцыятыва “Мой удзел рэальны”.

У творчую майстэрню дзяцей і іх бацькоў запрасіла Таццяна Жамойціна. Аплікацыі з лісця “Восеньскія фантазіі ў лічбах і літарах”, вырабы з прыроднага матэрыялу “Дары восені” далі магчымасць вучням і бацькам праявіць творчасць і фантазію.

Музычная гульня “Адгадай мелодыю”, якую правяла настаўнік музыкі і спеваў Марына Цыдзік, дапамагла выявіць лепшых меламанаў, а мерапрыемства “Вясёлыя старты”, арганізаванае настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Наталляй Шугальскай, уцягнула ўсіх пачаткоўцаў у спартыўныя спаборніцтвы.

У вучняў 3-х і 4-х класаў была магчымасць падчас тыдня прыняць удзел у алімпіядах па матэматыцы, беларускай мове і літаратуры.

У заключны дзень былі падведзены вынікі, названыя пераможцы, удзельнікі мерапрыемстваў узнагароджаны граматамі, дыпломамі, сертыфікатамі, падзякамі.

Можна з упэўненасцю сказаць, што тыдзень пачатковых класаў прайшоў у атмасферы творчасці, супрацоўніцтва і паказаў высокую выніковасць работы малодшых школьнікаў. Кожны вучань знайшоў сваю нішу для самавыяўлення. Свой прафесіяналізм праявілі і настаўнікі пачатковых класаў: шырока ўжываўся наглядны і дадатковы матэрыял, ІКТ, заданні падбіраліся з улікам індывідуальных асаблівасцей дзяцей, з мэтай раскрыцця творчых здольнасцей асобы дзіцяці.

 

Таццяна ЖАМОЙЦІНА,
настаўнік пачатковых класаў
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий