Разнастайныя віды карыснай занятасці прапануюць навучэнцам установы адукацыі Магілёўшчыны падчас восеньскіх канікул.
– Для аздараўлення дзяцей на базе ўстаноў адукацыі вобласці запланавана работа 250 лагераў з дзённым знаходжаннем. Там прадугледжаны аптымальны рухальны рэжым, загартоўванне, збалансаванае харчаванне, рацыянальны распарадак дня. Аздараўленчая работа будзе ўключаць штодзённыя спартыўныя мерапрыемствы, прагулкі і гульні на свежым паветры, пешаходныя маршруты і многае іншае, – паведаміла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.Г.Васіленка.
Паводле яе слоў, у планах выхаваўчай работы кожнага аздараўленчага лагера таксама мноства цікавых і карысных спраў. Сярод іх асаблівае месца зоймуць мерапрыемствы, якія накіраваны на станаўленне ў дзяцей грамадзянскай пазіцыі, фарміраванне ў маладога пакалення патрыятызму, пачуцця прыналежнасці і датычнасці да беларускай дзяржавы і грамадства.
– Так, у аздараўленчым лагеры ў сярэдняй школе № 4 Шклова ў рамках рэалізацыі абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроуе” пройдзе займальны квест, накіраваны на вывучэнне дзецьмі гісторыі роднага краю. Навучэнцы ў анлайн-рэжыме будуць выконваць разнастайныя заданні і тым самым папаўняць багаж ведаў пра сваю малую радзіму, родны горад. Значна, што такія сучасныя формы патрыятычнага выхавання актыўна выкарыстоўваюцца педагогамі па ўсёй вобласці, – расказала Алеся Генадзеўна.
Як было адзначана, каб навучэнцы маглі правесці вольны ад вучобы час з карысцю, весела і цікава, паўсюдна ім прапануюць для гэтага шырокія магчымасці. Акрамя аздараўленчых лагераў, спартыўных і культурных мерапрыемстваў, у час канікул у навучальных установах рэгіёна працягнуць функцыянаваць разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах. У кожнай установе адукацыі штодзень з ранку да вечара будуць працаваць спартыўная зала, камп’ютарны клас, бібліятэка, пакой псіхалагічнай разгрузкі.
Адметна, што ўсе забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей будуць арганізоўвацца з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі і з выкананнем неабходных рэкамендацый медыкаў. Большая частка мерапрыемстваў пройдзе ў дыстанцыйным фармаце.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіву аўтара