Клуб “МОВА ціКАВА” адкрыў другі сезон  

- 12:37ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Гэтай восенню педагагічны клуб “МОВА ціКАВА” дашкольнага цэнтра № 97 Гродна прадоўжыў сваю дзейнасць і аб’явіў пра адкрыццё другога сезона.  

А гэта значыць, што важная справа, паспяхова распачатая намі ў мінулым годзе, будзе працягвацца. Кожны месяц педагогі нашай установы адукацыі будуць збірацца разам, каб у добрай кампаніі, за кубкам кавы размаўляць па-беларуску, і самае галоўнае – праз гульні і іншыя інтэрактыўныя формы ўзаемадзеяння спасцігаць таямніцы роднай мовы, а потым дзяліцца набытымі ведамі са сваімі маленькімі выхаванцамі.

Днямі ў клубе прайшла першая ў другім сезоне сустрэча аматараў роднага слова. Пачаць яе вырашылі з паўтарэння раней вывучанных тэм (усё ж цэлае лета прайшло – можа, штосьці забылася!). Прапанавалі ўдзельнікам сустрэчы ўзгадаць асаблівасці ўжывання ветлівых слоў у беларускай мове. Тэма гэта не такая простая, як можа падацца на першы погляд, але ў нашых “вучняў” цяжкасцей яна не выклікае: яны ўжо добра ведаюць, калі пры прывітанні трэба казаць “здароў”, а калі “здарова”, калі прасіць прабачэння словам “даруйце!”, а калі ўжываць “выбачайце!” і г. д. У гэтым мы ўпэўніліся падчас выканання спецыяльнага практыкавання “Ветлівы беларус”.

Парадаваўшыся поспехам наведвальнікаў клуба ў засваенні ветлівых слоў і зваротаў, прыступілі да новай тэмы – “Восень і яе дары”. На гэтым этапе актыўна ўключыліся ў гульнёвую дзейнасць. Пачалі з простага: “Я назаву – ты пакажы” – так называлася гульня, па правілах якой гульцам трэба было знайсці на малюнках тую агародніну ці садавіну, што назваў вядучы (цыбуля, бурак, гарбуз, кавун, бульба, сланечнік і г. д.). Потым заданні ўскладніліся. Так, гуляючы ў “Лепшую гаспадыню”, удзельнікам трэба было не толькі ўзгадаць як мага больш назваў агародніны, але яшчэ і патрэніраваць сваю памяць. “У мяне сёлета добры ўраджай буракоў,” – пачала першая гаспадыня. “А ў мяне ў гэтым годзе ўрадзілі буракі і морква,” – прадоўжыла другая. “А ў мяне – буракі, морква і цыбуля!” – далучылася трэцяя. Такім чынам, кожны наступны гулец пералічваў тую агародніну, што назвалі да яго, і дадаваў тое, што яшчэ не агучылі. Пераможцам стала “гаспадыня”, у якой самы багаты ўраджай агародніны (якая ўспомніла больш назваў, чым астатнія, ні разу пры гэтым не паўтарыўшыся).

Трохі пазней “гаспадыням” прапанавалі “прыгатаваць” з вырашчанага ўраджаю суп і кампот. Для гэтага трэба было ўсяго толькі аддзяліць садавіну ад агародніны, раскласці гэтыя восеньскія дары ў розны посуд (гульня “Што ў суп, што ў кампот”).

Праз гульню пашырылі веды “гаспадынь” і пра лясныя падарункі восені – грыбы: замацавалі іх назвы, узгадалі, якія з іх ужываюць у ежу, а чым можна атруціцца, падзяліліся рэцэптамі прыгатавання некаторых страў з грыбоў. 

Вось так, зноў цікава і з карысцю для нашых педагогаў, прайшоў чарговы занятак у клубе “МОВА ціКАВА”. Усмешкі на тварах сведчылі пра тое, што ўдзельнікі сустрэчы не стаміліся, а наадварот – добра адпачылі. Яны ў добрым настроі пакінулі залу, і мы ўпэўнены, што ўжо заўтра іх выхаванцы апрабуюць на сабе тыя гульні і забавы, што сёння ладзіліся з дарослымі. А гэта значыць, што родная мова будзе гучаць з вуснаў маленькіх беларусаў. А будзе гучаць – значыць будзе жыць. Ці не гэта сёння нам патрэбна?

 

Таццяна ЖЫЛУК,
выхавальнік-метадыст
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 97 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий