У нядзельнай школе пры храме Мікалая Цудатворца ў Маларыце ў гэтым навучальным годзе арганізаваны сем груп, дзе пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў займаюцца 126 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў.
– З кожным годам заняткі наведвае ўсё больш вучняў, – расказвае загадчыца нядзельнай школы Ірына Андрайчук. – У 1-м класе сёлета вучацца 15 дзяцей, у выпускным 9-м класе – 18 вучняў.
Кожная група займаецца ў асобным пакоі. Да паслуг вучняў – царкоўная бібліятэка, у чытальнай зале якой можна пагартаць кнігі, паглядзець перыядычныя выданні і нават відэафільмы царкоўнай тэматыкі.
Духоўнае выхаванне моладзі – актуальная задача, вырашыць якую дапамагае нядзельная школа пры праваслаўным прыходзе. Дзеці на занятках знаёмяцца з асновамі праваслаўнай культуры і хрысціянскай маралі.
– Заняткі садзейнічаюць духоўнаму і маральнаму развіццю, далучаюць да праваслаўнай веры, – гаворыць настаўнік Тамара Тарноўская. – Дзеці вучацца быць добрымі, шчырымі, спагадлівымі і міласэрнымі, прыходзіць на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу.
Нядзельныя школы працуюць пры ўсіх праваслаўных храмах Маларыцкага благачыння.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара