Восень, як усім вядома, ураджайная пара. Менавіта ў гэты час беларусы звычайна ладзяць кірмашы. На адзін з такіх багатых “Восеньскіх кірмашоў” запрасілі ўсіх выхаванцы старшай групы ясляў-сада № 37 Ліды.
Народныя касцюмы, традыцыйныя вырабы з тканіны, саломы, гліняны посуд і духмяныя пірагі – усё гэта рыхтавалася, каб перадаць дух сапраўднага старажытнага беларускага кірмаша.
На нашым свяце не абавязкова было мець грошы. Калі ведаеш прыказкі, прымаўкі, песню ці танец, можна было набыць, што хочаш. Таму ніхто з пустымі рукамі кірмаш не пакінуў. Што прынеслі – прадалі, што хацелі – набылі.
Які кірмаш без гульняў і забаў? “Гарлачык”, “Курнаціца”, “Міхасік” – любімыя народныя гульні, у якія дзеці гуляюць заўжды з вялікім задавальненнем. Не было роўных нашым маленькім беларусам пры выкананні танцаў “Чаравічкі” і “Пачастуем гарбатай”. Кульмінацыя свята стала частаванне духмяным караваем.
Кірмаш скончыўся, але прыемныя ўспаміны надоўга застануцца ў сэрцах нашых выхаванцаў і іх бацькоў.
Вольга ВАРОШКА,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 37 Ліды