100 ідэй магілёўскай моладзі  

- 19:27МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Гарадскі этап рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” прайшоў у Магілёве.

Сёлета на ўдзел у прэстыжным конкурсе было заяўлена 28 праектаў у сямі намінацыях. Абарона работ праходзіла ў двух фарматах. На выставе-прэзентацыі свае праекты дэманстравалі ўдзельнікі катэгорый “Энергетыка і энергаэфектыўнасць”, “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі”, “Экалогія”. А падчас zoom-канферэнцыі моладзь прадстаўляла ініцыятывы ў намінацыях “Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”, “Грамадства і сацыяльная сфера”, “Лепшая бізнес-ідэя”.

Па выніках адбору пуцёўку ў абласны этап конкурсу атрымалі 13 удзельнікаў. У ліку пераможцаў праект “ПастуBY”, які распрацавалі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Паліна Паўлоўская і Мацвей Шапашнікаў. Праект прадстаўляе сабой мабільны дадатак для абітурыентаў, які дапаможа з пошукам і выбарам прафесіі, прапануе варыянты спецыяльнасцей і ўстаноў адукацыі, дзе іх магчыма набыць. 

Лепшую бізнес-ідэю агучылі студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Марыя Саковіч, Уладзімір і Георгій Поклады, Ганна Кротава распрацавалі праект “Нацыянальны прадукт “Чырвоная ягада”. Маладыя людзі прапанавалі наладзіць вытворчасць смачных сувеніраў-падарункаў, якія дапамогуць гасцям краіны “паспрабаваць” Беларусь на смак. У якасці нацыянальнага брэндавага прадукту прапануецца выкарыстоўваць сублімаваныя ягады і сушаныя грыбы пад слоганам “Вітаем па-беларуску”.

Сярод аўтараў найбольш адметных праектаў апынуліся таксама навучэнец Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Антон Афаневіч, які прапанаваў ідэю па павышэнні энергаэфектыўнасці будынкаў, студэнт БРУ Аляксей Александронец з праектам “Ужыванне брыяфітаў у вертыкальным азеляненні горада”, навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Аляксандр Куткевіч, які распрацаваў новы экалагічны матэрыял Ecopabulum. Наогул, як адзначалі арганізатары, усе маладзёжныя ідэі былі па-свойму цікавымі.

– Магілёўская моладзь вельмі ініцыятыўная. З кожным годам у нас усё больш удзельнікаў. І важна, што абсалютна ўсе праекты заслугоўваюць увагі. Маладыя людзі выступаюць з перспектыўнымі ідэямі, накіраванымі на вырашэнне існуючых у грамадстве праблем. Многія праекты – гэта ўжо канкрэтныя прапановы, якія можна прымяняць на практыцы, – адзначыў першы сакратар Магілёўскага гаркама ГА “БРСМ” Сяргей Чычоў. 

Дарэчы, рэспубліканскі маладзёжны праект “100 ідэй для Беларусі” накіраваны на развіццё маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, аказанне дапамогі ў ажыццяўленні маладзёжных інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак. З году ў год у ім удзельнічаюць сотні ініцыятыўных маладых людзей.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ


Фота прадастаўлена Магілёўскім гаркамам ГА “БРСМ”

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий