У Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна надаецца вялікая ўвага даследчай дзейнасці вучняў па вывучэнні гісторыі і традыцый роднага краю.
Вельмі важнай выхаваўчай задачай сёння з’яўляецца фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці. Гэтыя задачы вырашаюцца на прадметных уроках, пазакласных мерапрыемствах, у выхаваўчай рабоце, але найбольш паспяхова яны могуць быць вырашаны шляхам прыцягнення вучняў да ўдзелу ў краязнаўчай рабоце. Назіраючы за жыццём свайго краю, знаёмячыся з яго гісторыяй, прыродай і культурнымі асаблівасцямі, выконваючы асобныя краязнаўчыя заданні вучні вучацца па-сапраўднаму любіць свой край, даражыць ім. Чым больш яны будуць ведаць пра яго, тым хутчэй будуць станавіцца нацыянальна свядомымі грамадзянамі.
Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці члены гуртка нашай школы пачалі з вывучэння сваёй малой радзімы. Безумоўна, пошукавая работа вучняў па вывучэнні роднага краю робіць урокі і выхаваўчыя гадзіны больш цікавымі, змястоўнымі. Выкарыстанне мясцовага матэрыялу дапамагае выхоўваць у вучняў паважлівае стаўленне да свайго роду, сваёй малой радзімы.
Але душа маленькіх грамадзян падчас патрабуе нечага новага, няўрымслівая памяць высвечвае другія малюнкі, адгортвае назад старонку жыцця. Дзяцей хвалююць іх карані, мінулае, памяць пра сваіх продкаў, як тыя жылі, як працавалі. Ідэю пераемнай сувязі пакаленняў адлюстроўваюць яны ў сваіх радаводах. Дзясяткі радаводаў напісаны ў форме сачыненняў і ў выглядзе картаў-схемаў.
Упэўнена, што зло добра адчувае сябе там, дзе людзі забываюць сваё мінулае. Таму і вядзецца з вучнямі даследчая работа па вывучэнні гудзевіцкага краю, у ходзе якой дзеці задумаліся: няўжо знакамітасці жывуць дзесьці там… Далёка за межамі іх краю… І так прывыклі лічыць усе. Але няўжо наш знакаміты гудзевіцкі край не мае такіх людзей, якія таксама могуць быць вядомымі? Юныя даследчыкі скіравалі свой пошук на звычайнага былога вучня нашай школы, Дзіму Іваноўскага. Перш-наперш наведаліся да яго маці, пагутарылі з родным братам Дзімы, сустрэліся з Алесем Мікалаевічам Белакозам, які ў свой час вучыў Дзіму роднай мове, сустрэліся таксама з аднакласнікамі. Яны не памыліліся. Дзеці даказалі сабе і ўсім, што пра нашага былога вучня цяпер ведае ўся акруга, уся гудзевіцкая зямля, уся Гродзеншчына і ганарыцца ім, ён праславіў Беларусь ва ўсім свеце.
Гучная слава ідзе і пра іншых нашых выпускнікоў, якія глядзяць на сённяшніх вучняў з-пад шкла партрэта ў музейным пакоі “Гісторыя школы расказвае…”. Гэта доктар тэхнічных навук Пётр Бібіла, доктар юрыдычных навук Валянціна Бібіла, кандыдат медыцынскіх навук Казімір Эйсмант і іншыя.
Вялікая ўвага надаецца выхаванню гонару за сваю мову. Такія мерапрыемствы, як “Мы – эрудыты”, свята “На беларускай зямлі – у роднай хаце”, гасцёўня “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток, каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны” на аснове сабранага мясцовага матэрыялу, з удзелам вядомых людзей нашага рэгіёну прайшлі на базе музейнага пакоя “Гісторычя школы расказвае…”
Усё гэта дае свой плён, даказвае, што мы – народ з багатай старажытнай культурай. Вельмі акрылілі словы адной вучаніцы, якая выказала такую думку: выплысці з віру безгаспадарчасці, бескультур’я зможа толькі той, хто будзе трымацца за духоўную спадчыну як за выратавальны круг. Мяне вельмі радуе тое, што мне ўдалося абудзіць у вучняў цікавасць да гісторыі свайго роднага краю, свайго народа, яго традыцый.
Ніна СЛАВУТА,
класны кіраўнік 10-га класа
Гудзевіцкай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна