Восеньскія канікулы – весела, карысна, крэатыўна!  

- 7:42МИНЩИНА, Регионы

З 1 лістапада ў школах Міншчыны пачалі працаваць аздараўленчыя лагеры, дзе больш 9600 школнікаў весела і з карысцю правядуць гэты тыдзень.

Так, у аздараўленчым лагеры “Мудрыя савяты” сярэдняй школы № 25 Барысава ўчора прайшоў дзень полікультурнага выхавання. Дзеці пазнаёміліся з дзейнасцю абласнога цэнтра беларуска-кітайскай дружбы, даведаліся шмат цікавага пра Кітай, прынялі ўдзел у гульні “Падарожжа па Кітаі”.

Выхаванцы аздараўленчага лагера “Канікулы з агеньчыкам” сярэдняй школы № 5 Вілейкі на канікулах удзельнічаюць у танцавальным флэшмобе, квест-гульні “Агеньчык сустракае сяброў”, майстар-класе па роспісе посуду. Аздараўленчы лагер “Край.by” на базе сярэдняй школы № 2 Валожына рэалізуе праект “Зялёны горад”. А ўсе мерапрыемствы лагера “Планета дзяцінства” у Ракаўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна праходзяць пад адзінай тэмай “Здаровы я – здаровая краіна!”, таму дзетак тут чакае шмат спартыўных гульняў і спаборніцтваў.

Для наведвальнікаў лагера “Бярозка” Бароўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Дзяржынскага раёна арганізавана гульнявая праграма “Добрым быць зусім не проста” і віктарына “Карысныя прадукты”.

У шасці ўстановах адукацыі Чэрвеньскага раёна ўжо адбыліся “Вясёлыя старты”. Наперадзе школьнікаў чакаюць таямнічыя прыгоды, незабыўныя сустрэчы і дзіўныя выпрабаванні.

Заняткі і мерапрыемствы ў лагерах закранаюць ўсе аспекты і напрамкі выхаваўчай работы. Для адпачынку дзяцей уладкаваны гульнявыя пакоі, прадастаўлены спартыўныя залы, пляцоўкі, бібліятэкі, сталовыя. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было весела, каб кожны дзень у лагеры быў незабыўным. Педагогі перакананыя, што паразуменне і добры настрой – залог поспеху нясумных канікулаў.

 

Марына КУНЯЎСКАЯ

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий