3 лістапада, у дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, выхаванцы старшай групы ясляў-сада № 29 Мазыра адправіліся на віртуальную экскурсію па доме-музеі Якуба Коласа.
Спачатку дзеці праслухалі песню “Мой родны кут” і даведаліся, што гэтыя паэтычныя радкі паэт прысвяціў мясцінам, дзе ён нарадзіўся і вырас. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі разгледзелі фотаздымкі Якуба Коласа, яго бацькоў, пакояў, адзення і прадметаў побыту таго часу.
Дашкольнікі пабывалі на падворку і ў хаце, якая захавала свой колішні выгляд, правялі фізкультхвілінку паводле верша паэта “Храбры певень”, прыгожа расказалі падрыхтаваныя ўрыўкі з вершаў “Наш родны край”, “Раніца вясною”, “Канец лета”, “На лузе”, “Адлёт жураўлёў”. Дзеці зразумелі, што ў сваіх творах пясняр беларускай зямлі распавядаў пра родны край, яго прыгажосць і хараство. Ён жыў думкамі пра Радзіму і яе шчасце.
Напрыканцы ўдзельнікі экскурсіі падзяліліся сваімі ўражаннямі. Яны расказалі, што кожны чалавек павінен любіць Радзіму, берагчы і паважаць яе, і паабяцалі і надалей цікавіцца творамі Якуба Коласа.
Аліна СЕЧКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
яслей-сада № 29 Мазыра