Канікулы ў музеі з квест-гульнёй “Этнаграфічная скарбонка”  

- 13:34ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У дні восеньскіх канікул не пустуе музей Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудкага раёна. На гэты раз ён зацікавіў квест-гульнёй “Этнаграфічная скарбонка”, якая адбылася сярод навучэнцаў 5–9-х класаў.

Такая форма работы заўсёды пазітыўна ўспрымаецца школьнікамі, а калі яшчэ ўсё адбываецца ў музеі – гэта выдатна! Наглядная падказка ў выглядзе рэальных рэчаў, інфармацыйныя звесткі, атмасфера даўніны – усё гэта спрыяе асабліваму настрою і развіццю пазнавальнай актыўнасці падлеткаў.

Рухаючыся па пэўным маршруце, хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі прадметы быту, адзення ранейшых часоў і вучыліся правільна выкарыстоўваць іх назвы ў маўленні, складалі прыказкі і прымаўкі, разгадвалі загадкі, паказвалі веды па гісторыі сваёй краіны.

За жаданнем прайсці маршрут як мага хутчэй і скласці патрэбнае слова, час праляцеў імгненна. Пераможаных не аказалася, але лідэраў хочацца назваць. Выдатныя веды прадэманстравалі Аляксандра Круглая, Мікалай Казак, Цімафей Дударэвіч, Максім Мхоян.

Добры настрой удзельнікаў прымусіў затрымацца ў памяшканні музея яшчэ на пэўны час. Ужо ў спакойнай абстаноўцы, калі гульнявы азарт сціх, абмяркоўваліся спрэчныя пытанні па пройдзеным маршруце і нават будаваліся планы жыцця музея на будучае.  

І хто сказаў, што маладое пакаленне не цікавіцца сваёй гісторыяй? Мы гатовы паспрачацца.

 

Ларыса МАРОЗ,
кіраўнік школьнага музея
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий