Рэстаўрацыя замка ў Любчы: мясцовыя школьнікі ўносяць свой уклад  

- 19:23ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна прымаюць актыўны ўдзел у аднаўленні Любчанскага замка. У школе створаны атрад “Валанцёры Любчанскага замка”.

Беларусь  – краіна замкаў. Так называлі нашу зямлю падарожнікі і купцы, якія бывалі тут у далёкім сярэднявеччы. Замкі Беларусі – нямыя сведкі мінулай эпохі, сімвалы гісторыі і помнікі архітэктуры. Па ўсёй тэрыторыі нашай краіны было пабудавана мноства замкаў, аднак у нашы дні захаваліся не ўсе. Адзін з такіх – Любчанскі – да нядаўніх часоў заставаўся ў цені і больш нагадваў руіны.

 

Гісторыя замка пачалася ў далёкім 1581 годзе, калі ўплывовы магнат Вялікага Княства Літоўскага Ян Кішка пачаў яго будаўніцтва на беразе ракі Нёман. Варта адзначыць, што пабудаваны на мяжы эпох готыкі і рэнесансу, замак увабраў у сябе элементы абодвух стыляў. Любчанскі замак не аднойчы ўдзельнічаў у бітвах, пакуль у 1655 годзе яго цалкам не спалілі і не разбурылі вартавыя вежы. У XIX стагоддзі ўнутраныя пабудовы былі знесены, а побач адбудаваны новы палац у стылі неаготыкі. Да сярэдзіны ж XX стагоддзя, пасля баталій Першай сусветнай вайны, ад замка захаваліся толькі дзве яго вежы. У наступныя гады на тэрыторыі Любчы праводзіліся раскопкі і археалагічныя даследаванні, у ходзе якіх удалося выявіць рэшткі каменнай сцяны, ганка і чарапіцы.

Сёння на тэрыторыі Любчанскага замка працуюць сапраўдныя энтузіясты, якім не абыякавы лёс гэтага помніка архітэктуры. З 2003 года дзейнічае фонд “Любчанскі замак”, які вось ужо васемнаццаць гадоў займаецца аднаўленнем гэтага ўнікальнага будынка. Любчанскі замак –першы ў нашай краіне, які аднаўляецца за кошт дабрачыннага фонду.

Вучні Любчанскай сярэдняй школы таксама не засталіся ў баку ад гэтай вялікай для ўсяго нашага пасёлка справы: з ліку вучняў, якія неабыякава ставяцца да свайго мінулага і культурнай спадчыны, быў арганізаваны атрад “Валанцёры Любчанскага замка”, які таксама прымае пасільны ўдзел у аднаўленні замка.

Рэстаўрацыя замка ў Любчы – прыклад добраахвотнай працы і энтузіязму. Шматгадовая праца валанцёрскіх груп на нашых вачах вяртае гэтаму гістарычнаму месцу былую веліч. Кожны, хто прыняў у гэтым удзел, стаў часткай вялікай і значнай справы. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што Любчанскі замак жывы і яшчэ не раз распавядзе нам і будучым пакаленням пра падзеі мінулага.

 

Ульяна ПІЛІПЧЫК,
вучаніца 11-га класа
Любчанскай сярэдняй школы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий