Выхаванцы ясляў-сада № 3 Зэльвы вучацца разважаць, рабіць самастойныя вывады, вывучаючы асаблівасці жывёл, якія пражываюць на поўдні і на поўначы.
Выхаванцы з вялікім захапленнем вывучалі жывёл, якія пражываюць на поўдні і поўначы. Дзеці наперабой адзначалі, якая доўгая шыя ў жырафы, які вялікі слон, якая цёплая поўсць у белага мядзведзя. А ў адказ чулі пытанне: “Ці можа слон жыць на поўначы, а белы мядзведзь на поўдні?”
Малышы думалі, мноства іх вачанят з запытаннем пазіралі на мяне, але гатовага адказа я не давала, прапанавала падумаць. Заахвочвала паразважаць, знайсці самастойнае рашэнне. Маленькія чамучкі апісвалі знешні выгляд жывёлы і вызначалі прыродныя ўмовы, у якіх яна пражывае. І вось нарэшце – Эўрыка! – з радасцю дзеці выказвалі свае думкі: мядзведзь не можа жыць у Афрыцы, бо ў яго цёплая поўсць, яму там будзе горача, а слон замерзне на поўначы, там што няма поўсці. Колькі станоўчых эмоцый яны атрымалі ад уласнага пошуку!
У працэсе работы юныя даследчыкі вучыліся праяўляць ініцыятыву і прымаць чужую пазіцыю, што безумоўна станоўча паўплывае на рост і развіццё творчага патэнцыяла асоб выхаванцаў. Ужо ўвечары некаторыя з захапленнем селі маляваць. На асобных малюнках ажылі жырафы, сланы, белыя мядзведзі. Іншыя пачалі разглядваць энцыклапедыю і цікавіцца назвамі і асаблівасцямі жыцця братоў нашых меншых.
Усё новае – гэта цікава! Такім дэвізам кіруюся я, і небезвынікова: такія розныя выхаванцы зрабілі яшчэ адзін крок у пазнанні навакольнага свету.
Дзіна ВАРАНОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 3 Зэльвы