“Школа юных абаронцаў Айчыны” у Клайшанах

- 10:13ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна з пачатку навучальнага года стаў працаваць факультатыў “Школа юных абаронцаў Айчыны”.

У базавай школе няма ўрокаў дапрызыўнай падрыхтоўкі, і адпаведна, ваенна-патрыятычнаму выхаванню не надавалася дастаткова ўвагі. У гэтым навучальным годзе ўсё змянілася. Пачаў работу факультатыў “Школа юных абаронцаў Айчыны”. Навучэнцы 9-га класа з цікавасцю ўжо вывучылі сістэму воінскіх званняў ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і знакі адрознення, засвоілі тэарэтычныя веды на занятку “Прылада зброі і яго баявое прымяненне”, прынялі ўдзел у практычных занятках па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Незвычайным стаў для хлопцаў 9-га класа занятак па страявой падрыхтоўцы: адпрацоўка страявога разліку, выкананне каманд, хадзьба строем. З вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у занятку па страявой падрыхтоўцы і дзяўчынкі.

Праца па выхаванні ў навучэнцаў патрыятызму несумненна ўключае ў сябе захаванне гістарычнай памяці, трапяткое стаўленне да гісторыі роднага краю, шанаванне традыцый. Далёка не першы год наша школа замацавана за помнікам воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, у в. Дубінцы і помнікам ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. З гэтай мэтай у кастрычніку прайшлі акцыя “Памяць” і аперацыя “Помнік”. Хочацца адзначыць, што нашы дзеці лёгкія на ўздым, з імі проста працаваць, іх лёгка арганізаваць, яны сур’ёзна і адказна ставяцца да догляду за помнікамі і памятнымі месцамі.

З мэтай прыцягнення навучэнцаў да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на аснове рэальных гістарычных фактаў было праведзена спаборніцтва ў камп’ютэрнай гульні “Штурм Рэйхстага”. Гульня створана па матывах баявой аперацыі частак Чырвонай Арміі супраць нямецкіх войскаў па авалоданні будынкам германскага парламента. Так як камп’ютэрныя гульні сучасныя дзеці вельмі любяць, такое спаборніцтва прыйшлося ім па духу.

Сярод самых цікавых мерапрыемстваў, па словах дзяцей, за першую чвэрць гэтага навучальнага года сталі флеш-прэзентацыя “30-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў”, віктарына, прысвечаная Году народнага адзінства, анлайн-экскурсія ў музей абароны Брэсцкай крэпасці.

Без увагі не застаецца прафарыентацыйная работа: магчыма, хтосьці з сённяшніх школьнікаў у будучыні абярэ ваенную службу або службу ў МВД ці МНС. З гэтай мэтай прайшла сустрэча з вайскоўцамі Лідскага пагранічнага атрада. Маёр В.А.Квяткевіч і маёр Д.А.Казбяровіч з упраўлення аховы Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь пазнаёмілі навучэнцаў 7–9-х класаў з органамі пагранічнай службы, з правіламі паступлення ў навучальныя ўстановы пагранічнай службы, паказалі дакументальны фільм.

У планах на будучыню арганізаваць супрацоўніцтва з Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчам, бо летась двое дзяцей з нашай школы сталі вучнямі гэтай установы адукацыі.

Асноўная задача кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні – вырасціць сапраўдных патрыётаў. Патрыятызм – гэта не толькі зборка-разборка аўтамата і догляд за помнікамі, гэта любоў да сваіх бацькоў, свайго дома, роднай вёскі, гэта жаданне і імкненне быць карысным грамадству, у якім жывеш.

 

Юрый ВІЛЬЧЭЎСКІ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
 Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий