У рамках дэкады па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў у 2 “А” класе сярэдняй школы № 1 Навагрудка праведзена сітуатыўная класная гадзіна з элементамі тэатралізацыі “Што такое шчасце?”.
Класная гадзіна пачалася з тэатралізаванага фрагмента казкі “Што такое шчасце?”, падрыхтаванага экспромтам навучэнцамі класа. Дзеці аднагалосна пагадзіліся з гераіняй казкі Машай, што самае вялікае шчасце – мець дом, сям’ю, родных і сяброў. На працягу мерапрыемства навучэнцы пастараліся знайсці адказы на пытанні, якія датычацца чалавечага шчасця. Выступіўшы ў ролях урача, псіхолага, мамы і таты, разабраўшы сітуацыі з жыцця, паглядзеўшы павучальнае відэа “Урок матыля”, навучэнцы адкрылі для сябе мноства каштоўнасцей, галоўнай з якіх аказалася жыццё.
На ўроку быў створаны праект “Мы самі малюем сваё жыццё”. Навучэнцы рабілі маляўнічыя малюнкі і расказвалі пра свае шчаслівыя моманты, дзяліліся ўяўленнямі пра шчаслівае і паспяховае жыццё. Педагог-псіхолаг Я.У.Сямянюк правяла займальную гульню “Вясёлка настрою”, вынікам якой стала калектыўнае складанне партрэта шчаслівага жыцця. Акцыя “Летуценнікі” і трэнінг “Я люблю цябе, жыццё” настроілі кожнага другакласніка на хвалю пазітыву і добрага настрою.
Пазітыўным працягам класнай гадзіны стала падвядзенне вынікаў чвэрці, узнагароджанне старанных навучэнцаў, адказных дзяжурных, актыўных удзельнікаў конкурсаў і акцый. Вынікам мерапрыемства стала рубрыка “Парады для шчаслівага жыцця”, складзеныя самімі навучэнцамі, якія расказваюць, як правільна ставіцца адно да аднаго, да сваіх родных і блізкіх, вучаць шанаваць самае галоўнае шчасце – сваё жыццё і жыццё кожнага чалавека на зямлі.
Вольга ПАДМАЗАВА,
класны кіраўнік 2 “А” класа
сярэдняй школы № 1 Навагрудка