Сярэдняй школе № 5 Жодзіна – пяцьдзесят гадоў! За гэты працяглы тэрмін зладжанай і паспяховай работы школы адбылося шмат падзей. Настаўнік музыкі Інэса Урбановіч дзеліцца сваімі думкамі пра музычнае аддзяленне школы.
Школа-імянінніца, як дзяўчынка-выдатніца, святочная, прыбраная, разумная, якой і павінна быць. Лічба 5 – гэта пяць лінеек у нотным стане, на якіх змяшчаецца цэлая бясконцасць музыкі. Гэта пяць праменьчыкаў у зорачкі на малюнках дзяцей. Зоркай свеціць пятая школа на небасхіле гісторыі, дорачы веды, падтрымку і ўпэўненасць у заўтрашнім дні педагогам, вучням і бацькам. Менавіта так сустрэла мяне сярэдняя школа № 5 з музычна-харавым ухілам трыццаць восем гадоў таму. Штогод з тых часоў у верасні я адчуваю радасць ад сустрэчы, і гэтае адчуванне з гадамі мацнее, што дарагога варта.
З першага дня моцны творчы калектыў настаўнікаў рабіў усё, каб дзеці атрымалі якасную адукацыю. 1 верасня 1980 года ў школе адкрыўся першы музычны клас. Для школы, дзе не было ні педагогаў-музыкаў, ні інструментаў, ні патрэбнай літаратуры – гэта было сапраўдным цудам! Дзеля яго здзяйснення прыйшлося шмат папрацаваць загадчыцы аддзела адукацыі Жодзінскага гарвыканкама К.П.Смаргуновай, дырэктару школы Я.Л. Iльюцiк, педагогам-музыкам Анохіным.
У 1982 годзе загадам Міністэрства адукацыі на базе школы адкрылася музычна-харавое аддзяленне. Многія педагогі, якія стаялі ля вытокаў, працуюць і сёння: А.Л.Ярмiлава, Г.А.Каліннікава, Н.Н.Лапіна, Л.П.Радзюк, сям’я Піскаровых, Э.Н.Ярмiлава, І.А.Ракуць, І.П.Даглiс. Мы з радасцю прынялі ў свой дружны калектыў нашых выпускнікоў Н.Т.Варажбянаву, Д.П.Петух і маладую сям’ю Фядорыных, якая нарадзілася, як прыгожая казка, у атмасферы музыкі і творчасці. Сёння ў музычным аддзяленні можна пачуць галасы шматлікіх інструментаў. Сярод іх фартэпіяна, баян, акардэон, скрыпка, цымбалы, гітара, ударныя інструменты.
Хор “Рабінка”
Наш гонар – узорны хор “Рабінка”. У 1991 годзе за высокае выканальніцкае майстэрства калектыву пад кiраунiцтвам Н.М.Адкiнай было прысвоена званне “Узорны”. У 1992 годзе хор прыняў удзел у абласным конкурсе беларускай песні імя Р.Шырмы і атрымаў дыплом I ступені. Чароўныя галасы харыстак закалыхвалі малых па беларускім тэлебачанні ў “Калыханцы”. Неаднаразова ўзорны канцэртны хор “Рабінка” станавіўся дыпламантам абласных фестываляў “Суквецце таленту”, лаўрэатам тэлевізійнага конкурсу “Чырвоныя гваздзікі”.
Дзякуючы хору і яго кіраўніку я змагла рэалізаваць свой творчы патэнцыял паэта і кампазітара, правесці аўтарскі вечар, на якім гучаў напісаны на мой верш школьны гімн.
З 2012 года кіраўніком узорнага хору “Рабінка” працуе крэатыўны, улюбёны ў сваю працу настаўнік па класе харавых дысцыплін Г.А.Каліннікава. Узорны калектыў з’яўляецца пастаянным пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў харавой творчасці “Рэха” і “Спяваем разам”.
Духавы аркестр
У 1990 годзе з прыходам у школу настаўніка У.П.Мельнікава пачаў зараджацца духавы аркестр. У першы год гэта была група вучняў класа духавых інструментаў. Сёння ў аркестр уваходзяць і навучэнцы іншых спецыяльнасцей, якiя дадаткова асвойваюць духавыя інструменты. Сёння ў праграме калектыва больш за трыццаць твораў розных формаў, жанраў і стыляў. Сярод іх творы рускай, савецкай, замежнай класікі, арыгінальная музыка для аркестра, апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, эстрадная музыка. У 1999 годзе аркестр абараніў званне “Узорны”.
Палітра творчых дасягненняў музыкаў яскравая і шматгранная. Гэта ўдзел у культурным жыцці не толькі школы, горада, але і ў мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Штогод калектыў выступае на жнівеньскай канферэнцыі настаўнікаў Мінскай вобласці, прымае ўдзел у адкрыцці новых школ на Міншчыне, у тым ліку з прысутнасцю самых высокіх гасцей.
Неаднаразова калектыў станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. У 2016 годзе удзельнічаў у міжнародным фестывалі духавых аркестраў “Гучаць фанфары першага салюту”, які праходзіў у горадзе Арле. У 2017 годзе ў рамках святкавання 25-годдзя нямецкай ініцыятывы “Дзеці Чарнобыля” музыкі пабывалі ў Германіі, дзе ўдзельнічалі ў святочных мерапрыемствах. У 2021 годзе аркестр стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Добры дзень, свет!”.
Інструментальны ансамбль “Ронда”
У 2012 годзе ў нас засвяцілася новая зорачка – быў утвораны інструментальны ансамбль “Ронда”. У 2016 годзе інструментальны ансамбль “Ронда” пад кіраўніцтвам настаўніка па класе фартэпіяна Э.М.Ярмiлавай абараніў званне “Узорны”.
Ансамбль сфарміраваўся ў выніку канцэртнай дзейнасці дуэта ў складзе вучня-піяніста і вучня-кларнетыста. Паступова ў склад уводзіліся такія інструменты, як сінтэзатар, саксафон, акардэон, бас-гітара і ўдарная ўстаноўка. За час існавання калектыў здабыў свой індывідуальны сцэнічны вобраз. Выканаўцы ансамбля – дзеці. Яны іграюць без фанаграм. Пры першых жывых гуках музыкі, здаецца, святло і чысціня акутваюць залу, быццам музыка гучыць адусюль адначасова, цалкам запаўняючы прастору.
У рэпертуары ўзорнага ансамбля “Ронда” ёсць класічныя творы, эстрадна-джазавыя кампазіцыі, музыка айчынных і замежных сучасных кампазітараў. Іх шматлікія выступы заўсёды карыстаюцца нязменным поспехам.
Калектыў актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці не толькі школы, горада, а таксама выступае на мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню: штогод прымае ўдзел у цырымоніі адкрыцця і закрыцця рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, рэспубліканскім конкурсе даследчых работ навучэнцаў па замежнай мове. Ансамбль неаднаразова станавіўся лаўрэатам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Сярод іх абласны фестываль мастацкай творчасці “Майскі фэст” (у 2020 годзе дыплом II і III ступені), абласны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу “Добры дзень, свет!” (у 2021 годзе дыплом III ступені).
Ансамбль народных інструментаў “Калейдаскоп”
Ва ўзорным ансамблі народных інструментаў “Калейдаскоп” пад кіраўніцтвам А.М.Казлоўскага, заснаваным у 2012 годзе, займаюцца навучэнцы 6–9-х класаў. Сёння рэпертуар ансамбля налічвае каля 25 твораў розных стыляў і жанраў. Калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам музычных конкурсаў. Сярод апошніх значных перамог – дыплом I ступені ў 2020 годзе на абласным фестывалі мастацкай творчасці “Майскі фэст”, дыплом I ступені ў 2021 годзе на абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу “Добры дзень, свет!”. Калектыў з’яўляецца актыўным удзельнікам гарадскіх і абласных мерапрыемстваў.
Калі доўга глядзець у калейдаскоп, то можна ўбачыць мноства прыгожых узораў, якія складваюцца на здзіўленне дакладна і правільна. Калі слухаць выступ ансамбля “Калейдаскоп”, адразу ўяўляеш адзіны, сабраны добрым майстрам, дзе ўсе дэталі працуюць дасканала і зладжана.
Распавядаць пра музычнае аддзяленне сярэдняй школы № 5 Жодзіна, дзе фантануюць ідэі, дзе свецяцца дзіцячыя вочы, можна доўга. Расцвітае, мастацтвам багатая, наша любімая школа. Ніколі не згасне агонь натхнення, які беражліва нясе ў сваіх руках намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.С.Дыбо. У адным чалавеку спалучаюцца мудрасць кіраўніка, настаўніцкі вопыт, упэўненасць і спакой у любой сітуацыі, прыгажосць і чысціня душы.
У нашай краіне шмат годных школ. Магчыма, яны лепей за нашу. Але ў жыцці кожнага чалавека ёсць тое, што не паддаецца параўнанню. Для мяне гэта любімая сям’я, сябры, любімая праца. Гэта вышэй усякіх параўнанняў: “Мой лёс і жыццё маё, мара мая крылатая. Уся змяшчаецца зямля там, дзе ёсць школа пятая!”
Інэса УРБАНОВІЧ,
настаўнік музыкі
cярэдняй школы № 5 Жодзіна