Крэўскі замак і вёску Чухны наведалі вучні сыраваткінскай школы  

- 11:01ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У мінулую суботу вучні Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Смаргонскага раёна пабывалі ў чарговай вандроўцы. На гэты раз мы наведалі Крэўскі замак – помнік архітэктуры і гісторыі.

На вуліцы быў пахмурны лістападаўскі дзень. Усё навокал акутваў густы восеньскі туман. І толькі абрысы магутных сцен Крэўскага замка загадкава выступалі на ўзвышшы, быццам ахоўвалі таямніцы даўно мінулых гадоў. Вучні ўважліва слухалі аповед экскурсавода пра гісторыю ўзнікнення замка. Даведаліся, што Крэўскі замак – першы поўнасцю каменны замак у Вялікім княстве Літоўскім. Менавіта тут у 1385 годзе была падпісана Крэўская унія. А незадоўга да гэтага быў закрыты ў вежы і забіты князь Вялікага княства Літоўскага Кейстут. За больш чым 700 гадоў свайго існавання Крэўскі замак стаў сведкам многіх войнаў. Але больш за ўсё ён пацярпеў у гады Першай сусветнай вайны, пра што сведчаць руіны яго сцен. Падчас экскурсіі мы змаглі адчуць дух XIV стагоддзя і дакрануцца да гісторыі сваёй Радзімы.

Потым мы вырашылі наведацца ў вёску Чухны, якая знаходзіцца недалёка ад Крэва, да рамеснікаў Сяргея і Марыі Бандарэнка. Тут, прама на падворку, убачылі зменшаную копію Крэўскага замка, сцены і вежы якога складзены з маленькіх цаглінак памерам некалькі сантыметраў. Гэтыя цаглінкі зроблены ўручную з гліны з дапамогай спецыяльнай формы. Дах вежы таксама аформлены самадзельнай глінянай чарапіцай. Уразіла і выстава работ рамеснікаў: гэта і прыгожыя маляваныя карціны, і розныя вырабы з гліны (падвескі, статуэткі, фігуркі жывел, магніты), і рэчы з дрэва. Уважліва дзеці слухалі легенды пра камяні-следавікі, з задавальненнем прайшліся па каменным лабірынце і змаглі загадаць жаданні.

Набыўшы на памяць пра прыемную і карысную вандроўку сувеніры, у добрым настроі мы вярнуліся дамоў.

 

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий