У 2-м класе Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна ўрок беларускай літаратуры прайшоў у школьным народным комплексна-краязнаўчым музеі “Вытокі”.
Выбару такой формы правядзення паслужыла тэма “Хлеб – усяму галава”. Выразнае чытанне верша А.Дзеружынскага “Хлебная скарынка” і апавядання Л.Улашчанкі “Хлеб” садзейнічала правільнаму эмацыянальнаму ўспрыманню твораў.
Атмасфера музея дапамагала дзецям уявіць, як выпякалі хлеб раней, з якой павагай адносіліся да яго і да працы старэйшых людзей. Яны ўбачылі печ, “бабін кут” з прадметамі, якімі карысталася гаспадыня. Вучні параўноўвалі быт людзей у мінулым і сучасныя ўмовы жыцця.
Навучэнцы прыйшлі да высновы, што і сёння, каб хлеб апынуўся на нашым стале, напружана працуюць людзі розных прафесій.
Правядзенне ўрока ў музеі дапамагло настаўніку вырашыць шмат задач: выхаванне беражлівых адносін да хлеба, павагі да старэйшых людзей, якія цяжка працавалі, усведамленне залежнасці чалавека ад харчавання.
Ганна МАТЫС,
настаўнік пачатковых класаў
Лойкаўскай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна