Тэме Радзімы было прысвечана чарговае пасяджэнне метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў, якое прайшло ў Трабскім яслях-садзе –сярэдняй школе Іўеўскага раёна.
Вучні 2-га класа разам з класным кіраўніком М.Т.Пляхімовіч адправiлiся ў незвычайнае падарожжа па Беларусі.
На працягу мерапрыемства дзецi шукалі адказ на пытанне “Адкуль пайшла назва краіны?”, з задавальненнем выконвалі заданні інтэрактыўнай віктарыны пра сімвалы Беларусі, гулялi ў дыдактычную гульню “Ты мая частка”, вялі гутарку пра горад Мінск – сталiцу Беларусi.
Разам з настаўнікам школьнікі разважалі на тэму, за што яны любяць сваю Радзіму: за бацькоўскі дом, у якім жывуць; за шчаслівае дзяцінства; за блакітнае і мірнае неба над галавой; за яснае і цёплае сонейка, якое сагравае сваімі промнямі наш край.
Завяршаючы размову, настаўнік прапанаваў вучням працягнуць руку свайму аднакласніку са словамі “Я хачу з табой сябраваць”.
– Я хачу з табой сябраваць, таму што мы – аднакласнікі, таму што мы – аднавяскоўцы, таму што мы – адзіны народ, таму што мы – беларусы, – патлумачыла класны кіраўнік сваім пачаткоўцам.
М.Т.Пляхімовіч адзначыла, што асаблівыя спадзяванні сёння ўскладзены менавіта на маладых грамадзян краіны. І ад іх, сённяшніх другакласнікаў, залежыць, якой стане наша Радзіма ў будучыні. Трэба заўжды помніць, што няма месца больш утульнага і ласкавага для чалавека, як родная зямля.
Наталля ГРЫБОЎСКАЯ,
педагог сацыяльны
Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна