Навучэнцы 8 “В” класа сярэдняй школы № 5 Смаргоні наведалі Смаргонскую раённую бібліятэку – філіял гарадской бібліятэкі № 3.
Колькі кніг у бібліятэцы? Як знайсці патрэбную кнігу? Якія кнігі карыстаюцца попытам у наведвальнікаў бібліятэкі? Колькі год самаму старэйшаму наведвальніку? Як стаць бібліятэкарам? На гэтыя і іншыя пытанні вучні атрымалі адказы ад загадчыцы бібліятэкі І.М.Вісцяж і бібліятэкара І.В.Дагоцкай.
Васьмікласнікі не проста прыйшлі ў бібліятэку на экскурсію. Не першы год вучні класа прымаюць удзел у валанцёрскім руху і наведваюць гарадскую бібліятэку з намерам аказаць дапамогу работнікам гэтай установы ў рамонце кніг. Пераплётам, напрыклад, займаецца спецыяліст-пераплётчык, а прасцейшы рамонт кнігі (падклеіць лісты) зможа нават і школьнік. З аднаго боку, справа лёгкая, а з другога – адказная і патрабуе шмат увагі і ўседлівасці. Валанцёры класа за паўтары гадзіны змаглі “рэаніміраваць” некалькі дзясяткаў кніг.
Такім чынам, вучні не толькі правялі час з карысцю, але і атрымалі некаторы вопыт у працы бібліятэкарам.
Наталля КУДАШ,
класны кіраўнік 8 “В” класа
сярэдняй школы № 5 Смаргоні