Напярэдадні Дня валанцёра навучэнцы Дабравольскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Вы на свеце не адны!”, у рамках якой наведалі жыхароў дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
Ужо на працягу дзесяці гадоў ва ўстанове адукацыі дзейнічае валанцёрскі атрад “Шляхам дабрыні”. Як валанцёры і цімураўцы мы падтрымліваем цесную сувязь з адзінокімі жыхарамі аграгарадка Дабраволя, пастаяльцамі дома-інтэрната. Мэта нашай дзейнасці заключаецца ў тым, каб даць адчуць гэтым людзям, што яны не пакінутыя, не забытыя ўсімі, што яны камусьці патрэбны.
Дзейнасць валанцёрскага атрада не абмяжоўваецца аказаннем дапамогі адзінокім людзям. Сумесна з удзельнікамі цімураўскага атрада “Добрае сэрца” і членамі аб’яднання па інтарэсах “Тварым дабро” мы займаемся выпускам плакатаў, лістовак і буклетаў з мэтай агітацыі і прапаганды здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва аграгарадка.
Напярэдадні Дня валанцёра навучэнцы прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Вы на свеце не адны!”, у рамках якой наведалі жыхароў дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў і перадалі праз работнікаў сацыяльнай медыцынскай установы сувеніры, зробленыя сваімі рукамі і салодкія падарункі. Працягам акцыі стала свята валанцёраў, якое адбылолся ў сельскім клубе аграгарадка Дабраволя. Навучэнцы прымалі ўдзел у шматлікіх гульнях, забавах і спевах, атрымлівалі салодкія прызы.
Валанцёрскаму атраду “Шляхам дабрыні” споўнілася 10 год. І гэта толькі пачатак. Наперадзе ў хлопцаў і дзяўчат яшчэ шмат добрых спраў, рэйдаў і віншавальных акцый.
Юлія ЕРМАЛОВІЧ,
педагог дадатковай адукацыі
Дабравольскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна