Навучэнцы 8–11-х класаў Забалацкага ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна абмяркоўвалі тэму гандлю людзьмі.
Днямі старшакласнікі сустрэліся з сацыяльным педагогам Радунскага ДСПЦ Г.І.Галаўнёй. Спецыяліст правяла занятак з элементамі трэнінгу, на якім старшакласнікі шукалі адказ на пытанне “Гандаль людзьмі: міф ці рэальнасць?”, а таксама разглядалі шэраг іншых праблем.
Педагог пазнаёміла навучэнцаў з праблемай гандлю людзьмі на сучасным этапе, з асноўнымі правіламі бяспечных паводзін у кіберпрасторы. У ходзе занятку падлеткі змаглі задумацца над глыбокім сэнсам слоў “гандаль людзьмі” на падставе гісторый, якія апісвалі рэальныя жыццёвыя сітуацыі. Многія агучвалі свае асацыяцыі. Навучэнцы актыўна абмяркоўвалі метады і спосабы вярбоўкі, формы эксплуатацыі, якія часта выкарыстоўваюць трафікеры. У гульнявой форме “Здагадайся, хто гэта: гандляр ці ахвяра?” падлеткі разважалі пра тое, хто можа стаць ахвярай гандлю людзьмі і пры якіх умовах.
Пры правядзенні занятку з элементамі трэнінгу была выкарыстана тэматычная гульня “Не” сучаснаму рабству”, распрацаваная грамадскім аб’яднаннем “Кобрынскі клуб дзелавых жанчын “Бона”. Навучэнцы ў інтэрактыўнай форме замацавалі тэарэтычны матэрыял, набылі першапачатковыя навыкі бяспечных паводзін за мяжой, пазнаёміліся з асноўнымі правіламі бяспечнага выезду за мяжу з мэтай працаўладкавання, даведаліся нумары тэлефонаў “гарачых ліній”. Веды па тэме будуць карыснымі не толькі навучэнцам, але і педагогам, якія прысутнічалі на мерапрыемстве.
Валянціна КОЦІК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Забалацкага ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна