Для навучэнцаў 4–8-х класаў Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна была арганізавана экскурсія ў касцёл Святога Яна Хрысціцеля, які знаходзіцца ў вёсцы Беняконі.
Каб убачыць гэтую славутасць, мы адправіліся за 60 кіламетраў ад нашай школы. “Як прыгожа! Ах, якая прыгажосць!” – чуліся воклічы хлопчыкаў і дзяўчынак, як толькі аўтобус спыніўся. Перад намі ўскінуўся высока ў неба прыгажун-храм. Моц і веліч яго былі такімі, што першае ўражанне зацямніла ўсе недахопы, якія мы ўбачылі пазней унутры. Вялізныя сцены, купалы, якія сыходзяць у паднябессе, вялікая тэрыторыя звонку і яшчэ большая ўнутры. Гісторыя стварэння, разбурэння і аднаўлення гэтага дзіўнага твора мастацтва не пакінула дзяцей абыякавымі.
Прыхаджанка і работніца касцёла распавяла дзецям, што гэты будынак – новы мураваны каталіцкі храм святога Яна Хрысціцеля, узведзены ў 1900–1906 гадах з цэглы на месцы драўлянага храма, які існаваў з 1634 года. Стары драўляны касцёл узводзіўся на сродкі Яна Чаплінскага. У савецкі час памяшканні храма выкарыстоўваліся як склады: тут захоўваліся гаруча-змазачныя матэрыялы, дровы, збожжа.
Дзеці даведаліся, што побач з храмам Святога Яна Хрысціцеля знаходзіцца магіла каханай Адама Міцкевіча Марылі Верашчакі. Менавіта ў драўляны храм у XIX стагоддзі хадзіла на малітву муза паэта.
Трохі стомленыя, але задаволеныя, мы селі ў аўтобус, каб ехаць дадому. Я заўважыла, што дзеці неяк прыціхлі, але не ад стомы, а ад таго светлага пачуцця, якое напаўняла іх душы. Я зразумела: яны задаволеныя тым, што пабывалі ў такім цудоўным месцы, даведаліся шмат новага.
Мы вярталіся пад уражаннем ад убачанага і пачутага. Дамовіліся, што ў найбліжэйшы час абавязкова знойдзем магчымасць наведаць яшчэ некаторыя храмы Воранаўскага раёна. Асабліва дзяцей зацікавіў касцёл у вёсцы Асава. І яго наведванне мы арганізуем у бліжэйшы час.
Я глядзела на прасветленыя твары маіх вучняў і разумела, што кожны з іх сёння загарэўся жаданнем стаць лепшым, дабрэйшым, што душа іх напоўнілася святлом любові і цяпла. А хіба нешта іншае мы хочам убачыць у іх вачах, у іх сэрцах? Значыць, на карысць такія паездкі і сустрэчы. Значыць, гэта і ёсць тое добрае насенне, якое і дасць добрыя ўсходы. Вельмі хочацца спадзявацца, што так і будзе.
Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна