“Народныя ўмельцы Сянькоўшчынскага краю” – пад такой назвай у Сянькоўшчынскай сярэдняй школе Слонімскага раёна адкрылася выстава, прысвечаная мясцовым майстрам.
На выставе прысутнічалі ганаровыя госці – майстры Уладзімір Кармазін і Таццяна Сідорык, якiя адзначылi, што менавiта з дзяцінства чалавек павінен ганарыцца сваёй нацыянальнай прыналежнасцю, любіць сваю Радзіму, ведаць родную мову, цікавіцца культурай, гісторыяй свайго народа. На працягу ўсёй гісторыі беларускі народ збіраў і развіваў самабытную нацыянальную культуру, наша задача – захаваць яе і перадаць нашчадкам.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены работы, аўтарамі якіх выступілі шэсць народных умельцаў. Кожны твор па-свойму непаўторны: у экспазіцыі можна ўбачыць вышыўку крыжыкам, работы з атласных стужак, пацерапляценне, пляценне карзін і кошыкаў.
Адкрыццё выставы суправаджала музычная праграма ансамбля “Славяначка” Сянькоўшчынскага цэнтра культры, якая падарыла святочны настрой усім прысутным. Дырэктар школы Сяргей Юшкевіч падкрэсліў, як важна праводзіць падобныя мерапрыемствы, бо, ведаючы традыцыі роднага краю, малой радзімы, мы можам паўнавартасна зразумець гісторыю ўсёй краіны.
Трэба адзначыць вялікую разнастайнасць экспанатаў выставы. Але самае галоўнае – яны вельмі эмацыянальныя і перадаюць часцінку душы майстроў. Шчыра дзякуем усім аўтарам і жадаем, каб кожны наведвальнік выставы выносіў з яе цяпло ў сваім сэрцы.
Яніна РАЧКОВА,
кіраўнік выставы, настаўнік
Сянькоўшчынскай сярэдняй школы
Слонімскага раёна