У чарговы раз вучні 6-га класа Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна правялі класную гадзіну ў школьным музеі, дзе сабрана шмат матэрыялаў па гісторыі роднага краю.
Мерапрыемстава праходзіла ў форме міні-канферэнцыі. На гэты раз гаворка ішла пра сусветна вядомага земляка, археолага, этнографа, фалькларыста, краяведа Вандаліна Аляксандравіча Шукевіча, які нарадзіўся ў снежні 1852 года ў вёсцы Нача.
Вучні падрыхтавалі невялічкія выступленні пра жыццё і дзейнасць земляка і падзяліліся імі з аднакласнікамі. Усім было цікава пачуць, што В.А.Шукевіч атрымаў адукацыю ў Вільні, а затым жыў у сваім маёнтку ў Начы і займаўся даследаваннямі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, потым навуковай працай у галіне археалогіі, этнаграфіі, краязнаўства.
Ілья Банцавіч, напрыклад, расказаў, што Вандалін Шукевіч сабраў багатую калекцыю археалагічных і нумізматычных прадметаў, частка якіх трапіла ў музеі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Вільні, а таксама што ён з’яўляўся членам-карэспандэнтам Кракаўскай Акадэміі навук.
Арына Місевіч паведаміла пра не менш цікавыя факты з біяграфіі земляка. Аказваецца, у Начы Шукевіч арганізаваў кааператыў і магазін, стварыў земляробчы гурток з мэтай павышэння ўзроўню сельскай гаспадаркі. Ён выкарыстоўваў пяць вопытных палёў для выпрабавання штучных угнаенняў і новых гатункаў бульбы і аўса, часта на свае грошы купляў насенне і раздаваў сялянам.
А Дамініка Спудзіс расказала, што Шукевіч арганізаваў у наваколлі Начы народныя школы, з горада запрашаў настаўнікаў, забяспечваў дзяцей падручнікамі і пісьмовымі прыналежнасцямі, сачыў за работай настаўнікаў, даваў ім кнігі са сваёй бібліятэкі, напісаў падручнік “Абавязкі народных настаўнікаў”.
Затым хлопчыкі і дзяўчынкі гарталі старонкі манаграфіі М.Бломбергавай, прафесара археалогіі з польскага горада Лодзь, у якой змешчана шмат інфармацыі пра нашага земляка, разглядвалі шматлікія копіі яго навуковых прац.
Адметна, што дата смерці В.Шукевіча прыпадае таксама на снежань. Сэрца чалавека, які ўсё сваё жыццё аддаў свайму роднаму краю, людзям, якія жылі разам, перастала біцца ў снежні 1919 года.
Напрыканцы Даніла Шкуратаў паведаміў, што пахаваны наш славуты зямляк у фамільным склепе роду Шукевічаў, які знаходзіцца недалёка ад Начы, на ўскрайку маляўнічага бору. Дарэчы, там жа пахаваны амаль усе члены яго сям’і.
Думаю, што на прыкладзе жыцця В.Шукевіча вучні ўсядомілі, што трэба любіць сваю малую радзіму, цікавіцца і ведаць яе гісторыю.
Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6-га класа
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна