Інтэрактыўны занятак з дэбатамі па тэме “Чалавек і грошы” прайшоў для вучняў 4-га класа Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Падчас занятку вучні спрабавалі знайсці адказ на пытанне, ці можна абысціся без грошай. У выніку прыйшлі да высновы, што нельга, што грашыма людзі карысталіся з даўніх часоў і што грошы не страцілі сваёй каштоўнасці і сёння.
Так, пры дапамозе сінквейна чацвёртакласнікі пыталіся зразумець, што такое грошы для іх асабіста. Аказалася, што гэта радасць, даход, дапамога. Дзеці пажадалі адно аднаму, каб ва ўсіх было многа грошай і каб выкарыстоўваліся яны не толькі для ўласных патрэб, але і для карысці людзям, якія нас акружаюць.
Далей вучням было прапанавана прымераць на сябе сацыяльную ролю, адпаведную жыхарам аграгарадка Пятрэвічы – настаўніка, прадаўца, шафёра, хлебароба, паштальёна – і з пазіцыі гэтай прафесіі растлумачыць, што для нас грошы і навошта яны патрэбныя.
З пункту гледжання эканамістаў і псіхолагаў вучні пыталіся даказаць, што за грошы можна купіць усё (эканамісты) і нельга ўсё купіць за грошы (псіхолагі).
Пры падарожжы на кірмаш, дзе прадаецца ўсё на свеце, дзецям захацелася купіць не ляльку, не мабільны тэлефон, а радасць, усмешку, здароўе.
Пэўная ўвага была нададзена і карманным грошам навучэнцаў. Тут вучні прыйшлі да высновы, што на добрую справу, на такую, напрыклад, як дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, свае карманныя грошы можа патраціць не кожны, а толькі добры душой і сэрцам чалавек. А госць занятку, Мудрая Сава, нагадала дзецям, што неабходна ў любым пытанні, грашовым асабліва, раіцца з бацькамі.
У рамках інтэрактыўнага занятку ўвага надзялялася і правілам бяспечнага карыстання банкаўскімі карткамі. Вучні атрымалі ад Мудрай Савы правілы абыходжання з грашыма, якія так неабходныя ў сучасны мітуслівы час.
Інтэрактыўны занятак садзейнічаў фарміраванню эканамічнага мыслення вучняў, эканоміі, беражлівасці, стрыманасці, тлумачыў станоўчыя адносіны да багацця як выніку працы чалавека.
Алена НЕСЦЕР,
настаўнік пачатковых класаў
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна