Фестываль навук у пачатковай школе

- 15:53ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Тыдзень пачатковых класаў “Фестываль навук у пачатковай школе”, які з нецярпеннем чакалі самыя маленькія школьнікі, прайшоў у Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна.

Кожны дзень быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі, конкурсамі, выставамі, віктарынамі, пазнаваўчымі гульнямі і меў сваю назву: дзень творчасці, дзень беларускай мовы і літаратуры, дзень матэматыкі, дзень прыродазнаўства, дзень здароўя і спорту. У выніку атрымалася захапляльнае падарожжа па вучэбных навуках даўжынёю ў цэлы тыдзень.

За гэтыя дні дзеці даведаліся шмат новага, пашырылі свой кругагляд, яшчэ раз пераканаліся, колькі ўсяго цікавага, незвычайнага, значнага ў прадметах, якія яны вывучаюць. Не было ніводнага вучня, які застаўся абыякавым да правядзення мерапрыемстваў. А яны былі вельмі розныя, займальныя: конкурс чытальнікаў вершаў “Паэтычны алімп”, віктарына “Казачны дзянёк”, квест-гульня “Сцяжынкамі казак”, конкурс-агляд “Лепшы сшытак па беларускай мове”, гульня “Падарожжа па краіне Матэматыкі”, турнір кемлівых “Цікавая матэматыка”, экалагічная гульня-віктарына “Свет вакол нас”, конкурс малюнкаў “Прыгажосць прыроды”, спартыўнае мерапрыемства “Вясёлая эстафета” і іншыя.

Колькі задавальнення і радасці можна было назіраць у маленькіх вочках дзяцей, калі яны ці іх каманда аказваліся пераможцам. З вялікай адказнасцю і захапленнем вучні і нават іх бацькі аднесліся да арганізацыі выставы творчых работ “Умелыя ручкі”, дзе дэманстравалі вырабы, зробленыя сваімі рукамі ў рамках акцыі “Дапамажы птушкам”. Вучні 2–4-х класаў зрабілі кармушкі і развесілі іх на тэрыторыі школы. Кожны стараўся, каб яго кармушка была лепшая, прыгажэйшая і спадабалася птушкам.

Хутка праляцеў час, узнагароды знайшлі сваіх герояў, але самае галоўнае – тыдзень паказаў высокую выніковасць працы пачатковых класаў і прафесіяналізм настаўнікаў-пачаткоўцаў.

 

Жанна КРАСКОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий