Якімі шляхамі можна рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял урока? Колькі існуе падыходаў да праблемы выхаваўчых магчымасцей урока? Адказ на гэтыя пытанні шукалі настаўнікі прыродазнаўча-матэматычнага цыкла Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна падчас педагагічнай майстэрні “Мадэляванне сучаснага ўрока з выкарыстаннем тэхнік візуалізацыі як аднаго са сродкаў рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока”.
Развесці паняцці “выхаванне” і “навучанне” у кантэксце сучаснага разумення адукацыі як індывідуальна-асобаснага феномену немагчыма. Выхаванне папярэднічае навучанню, спадарожнічае яму праз розныя віды педагагічнага суправаджэння і дамінуе шляхам розных формаў уздзеяння (соцыума, асобы педагога і бацькоў, сродкаў масавай інфармацыі).
Змест выхаваўчай работы на ўроку павінен выцякаць са зместу самога ўрока. Вучыць і выхоўваць – гэта як маланка на куртцы, калі абодва бакі зацягваюцца адначасова марудлівым рухам замка – творчай думкай. Вось гэтая думка, якая злучае, і ёсць галоўнае на ўроку.
У ходзе тэарэтычнай часткі метадычнага пасяджэння педагогі абмеркавалі значэнне, ролю і месца выхаваўчага патэнцыялу сучаснага ўрока, шляхі яго рэалізацыі. Яны не проста выступілі з дакладамі, а падзяліліся асабістым педагагічным вопытам па тэме, удасканалілі свае навукова-тэарэтычныя і метадычныя веды.
Практычная частка мерапрыемства прайшла пад дэвізам “Тэорыя мертвая без практыкі жывой”. Настаўнікі наведалі ўрок матэматыкі, працавалі з камп’ютэрнымі праграмамі візуалізацыі інфармацыі, вывучалі магчымасці праграмнага сродка “Электронны адукацыйны рэсурс”, распрацавалі рэкамендацыі па рэалізацыі выхаваўчага аспекту ўрока.
Ірына РАДЗЮК,
кіраўнік праблемнай групы “Пошук”
настаўнікаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла
Уселюбскага дзіцячага сада-сярэдняй школы
Навагрудскага раёна