У сярэдняй школе № 1 Мазыра прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Напярэдадні на першым паверсе была аформлена фотавыстава “Гонар зямлі беларускай”, на якой вучні і настаўнікі пазнаёміліся з самымі знакамітымі беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, артыстамі, спартсменамі і таленавітымі людзьмі іншых прафесій.
Распачала тыдзень роднай мовы настаўніца Г.У.Сталярчук. З вучнямі 5-х класаў яна адправілася на казачны кірмаш, каб зацікавіць дзяцей гісторыяй свайго краю. На кірмашы пяцікласнікі прадавалі свае веды, дэманстравалі кемлівасць, розум, жартавалі, адгадвалі загадкі. Казачныя персанажы суправаджалі вучняў ад павільёна да павільёна: з адзеннем, беларускімі стравамі, гаспадарчымі таварамі. Асаблівую цікавасць выклікаў у вучняў павільён, у якім прадаваліся фразеалагізмы. Напрыканцы кірмаша Дзед Барадзед уручыў дзецям салодкія гасцінцы.
У наступны дзень настаўнікі Л.І.Мурашка і Л.С.Літвін правялі для вучняў 6–7-х класаў паэтычны вернісаж “Чытаючы радкі паэтаў-землякоў”. Навучэнцы чыталі вершы В.Андрыеўскага, Т.Дарошкі, Т.Малюка, У.Верамейчыка, Т.Дашкевіч. На вернісажы таксама можна было пазнаёміцца з выставай кніг мясцовых творцаў.
Эстафету свята падхапілі вучні 8-х і 10-х класаў. Разам з настаўнікамі яны падрыхтавалі прэзентацыі “Іх нарадзіла Гомельшчына”. Вельмі цудоўна быў прадстаўлены агляд творчасці В.Казько, А.Федарэнкі, І.Навуменкі, Б.Сачанкі, А.Зэкава. У выступленнях вучняў гучала павага да таленавітых людзей Гомельшчыны, яны рады былі далучыцца да літаратурнай творчасці сваіх землякоў.
З вучнямі 9-х класаў мы наладзілі інсцэніроўку ўрыўкаў п’есы драматурга, юбіляра 2021 года А.Макаёнка “Трыбунал”. Гледачы, затаіўшы дыханне, сачылі за дзеяннем на сцэне. У канцы артыстаў узнагародзілі заслужанымі апладысментамі. Вучням так спадабалася, што яны вырашылі стварыць драматычны гурток і далей ставіць творы А.Макаёнка.
Закончылі тыдзень вучні 11-га класа. Усе былі запрошаны ў літаратурную гасцёўню, дзе вялі гутарку пра пісьменнікаў-юбіляраў 2021 года. Шмат цёплых слоў было сказана пра І.П.Шамякіна, І.П.Мележа, А.П.Макаёнка. Асаблівую ўвагу заслужыла 130-годдзе М.Багдановіча. З вялікім натхненнем хлопцы і дзяўчаты чыталі ўрыўкі з раманаў “Сэрца на далоні” І.Шамякіна, “Людзі на балоце” І.Мележа, вершы М.Багдановіча.
Людміла МІРАНОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Мазыра