“Імёны навукі ў гарадской прасторы” — сацыяльную акцыю пад такой назвай прадстаўляюць навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа пры супрацоўніцтве з Цэнтральным навуковым архівам НАН Беларусі (структурнае падраздзяленне Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь).
Дзякуючы праекту “Імёны навукі ў гарадской прасторы” усе жадаючыя могуць азнаёміцца з інтэрактыўнай картай (http://pedkol.minsk.edu.by/ru/main.aspx?guid=4081), на якой пазначаны месцы ўсталявання мемарыяльных дошак, прысвечаных беларускім навукоўцам, у межах Першамайскага раёна г. Мінска. Для кожнай уганараванай асобы падрыхтавана кароткая біяграфічная даведка, прыведзены фотаздымак.
Акцыя спрыяе не толькі папулярызацыі здабыткаў айчыннай навукі, удасканаленню ведаў пра гісторыю і культуру Беларусі, але і можа паслужыць крыніцай натхнення для стварэння ўласных навуковых і сацыяльных праектаў як нашымі навучэнцамі, так і іх будучымі вучнямі.
Варта адзначыць, што 2021 г. – знакавы год для беларускай навукі і педагогікі. 100 гадоў таму быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) – першая навуковая ўстанова Беларусі, на базе якой у 1928 г. была ўтворана Беларуская акадэмія навук. У 1921 г. свае дзверы для навучэнцаў расчынілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі Беларускі педагагічны тэхнікум (Белпедтэхнікум).
Па матэрыялах сайта Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа