Звыш пяцісот хлопчыкаў і дзяўчынак сабрала разам абласная прафсаюзная ёлка ў Магілёве. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”.
Дзеці з розных куткоў вобласці сустрэліся з Дзедам Марозам і Снягуркай, убачылі займальнае навагодняе прадстаўленне, атрымалі салодкія падарункі.
З надыходзячымі святамі прысутных павіншавала намеснік старшыні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Марачкава. Яна пажадала ўсім моцнага здароўя, шчасця, а таксама ўзаемаразумення з роднымі і блізкімі.
Адметна, што ў рамках дабрачыннай акцыі прафсаюзы аказвалі бязвыплатную дапамогу падшэфным установам ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, закупцы выхаванцам прысмакаў і навагодніх падарункаў, арганізацыі паездак на навагоднія прадстаўленні. Асаблівая ўвага надавалася віншаванню дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў сацыяльных прытулкаў і дзіцячых устаноў адукацыі інтэрнатнага тыпу.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара