Свята для сямікласнікаў “Паспець да Новага года”

- 9:12ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Сумеснае правядзенне святаў прыносіць радасць і добры настрой. Як жа аб’яднаць сям’ю і школу? На гэтае пытанне ведае адказ 7 “А” клас сярэдняй школы № 41 Гродна. Напярэдадні калядных і навагодніх святаў у класе было арганізавана мерапрыемства “Паспець да Новага года” з удзелам бацькоў вучняў.

У пачатку мерапрыемства высветлілася, што галоўны герой года – казачны Бык – быў вельмі засмучаны хуткай стратай улады. На дапамогу прыйшлі сябры – Змяя, Кролік, Конь, Свінка, Сабака, Дракон, Каза, Певень, Малпа, Крыса. Яны далі параду скласці спіс важных спраў, якія неабходна паспець зрабіць да Новага года. Вучні разам са сваімі мамамі і татамі пісалі пісьмы бабулі, праходзілі квест, гулялі ў “Кракадзіла” і “Любую лічбу”, наведалі караоке-бар, спявалі навагоднія песні, сустрэліся з чараўніцай, якая парадавала ўсіх пажаданнямі, склалі навагодняе меню, а таксама падрыхтавалі абяцанні, змешчаныя ў капсулу часу.

Бык пажадаў адзін дзень пабыць у школе, таму бацькі наведалі ўрок англійскай мовы, дзе паўтарылі словы ветлівасці, урок рускай літаратуры, на якім складалі маленькія вершы з чатырох радкоў, урок біялогіі, дзе разглядалі будову кветкі, урок фізічнай культуры і здароўя, на якім паўдзельнічалі ў флэшмобе, урок хіміі, дзе назіралі за вопытамі, урок працоўнага навучання, на якім разглядалі зробленыя адным з вучняў драўляныя нажы.

Паспеўшы пабываць у розных месцах і падрыхтаваўшыся да новага года, Бык з лёгкасцю перадаў сваю ўладу Тыгру.

Трэба адзначыць, што мамы і таты вучняў актыўна прымалі ўдзел ва ўсіх прапанаваных конкурсах і заданнях, а дзецям было цікава ўбачыць сваіх бацькоў у дзеянні, працаваць разам з імі.

Мерапрыемства такога фармату ў 7 “А” класе праходзіць ужо трэці год. Прысутнасць бацькоў з кожным годам толькі павялічваецца. Радуе, што свята наведваюць цэлымі сем’ямі. Гэта сведчыць пра тое, што бацькі зацікаўлены ва ўзаемадзеянні са школай і гатовы раздзяліць прыемныя хвіліны са сваімі дзецьмі.

 

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 7 “А” класа
сярэдняй школы № 41 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий