Святочны занятак прэс-клуба “Вялікі перапынак”

- 18:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З чароўным светам ёлачных цацак і навагодніх паштовак вучні 9 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды пазнаёміліся падчас чарговага занятка прэс-клуба “Вялікі перапынак”, які яны наведваюць ужо пяты год.

Занятак праходзіў у пакоі школьнага музея, і гэта не выпадкова. Юнакі і дзяўчаты з уласных сямейных скарбонак прынеслі рарытэтныя экспанаты. Здавалася, што ў музеі сабраліся сапраўдныя калекцыянеры ёлачных упрыгожванняў.

Шкляныя цацкі, гісторыя якіх налічвае не адзін дзясятак гадоў, былі самыя розныя па колеры і форме. Старэйшыя з іх, як расказалі вучні, некалі належылі іх бабулям і дзядулям. Знешне калекцыя цацак уяўляла сабой вобразы людзей (касманаўта, дзяцей, Дзеда Мароза, доктара Айбаліта), розных жывёл і птушак, гародніну і садавіну, ледзяшы і шары. Як заўважылі дзевяцікласнікі, у вобразах цацак захаваліся гістарычныя эпохі і падзеі, такія як палёт чалавека ў космас, вырошчванне кукурузы. Прадстаўлены ўвазе былі і героі мультыплікацыйных фільмаў савецкага часу. Асаблівую ўвагу юнакоў і дзяўчат прыцягнулі ёлачныя цацкі на прышчэпках. Яны выглядалі вельмі арыгінальна і, як аказалася, былі самымі старэйшымі.

Не меньшую цікавасць членаў прэс-клуба выклікалі і паштоўкі. Апошнім часам людзі амаль не карыстаюцца імі, а вось калі ва ўзросце дзяцей былі іх бабулі і дзядулі, паштоўкамі карысталіся вельмі актыўна. Чым жа ўразіла сабраная вучнямі калекцыя? Безумоўна, яркімі выявамі, вобразамі казачных герояў, сюжэтамі. Сярод экспанатаў вылучаліся паштоўкі на Калядную тэматыку. Частка з іх была не каляровая, а ў выглядзе чорна-белых фотаздымкаў. Датуюцца яны 50–60-мі гадамі ХХ стагоддзя. Падлеткі пазнаёміліся і з тэкстамі віншаванняў. Праз гады ў словах захаваліся і адчуваліся шчырасць і надзея на лепшае будучае.

Мерапрыемства атрымалася захапляльным. Сабраныя калекцыі навагодніх атрыбутаў былі вельмі разнастайнымі і змястоўнымі. Удзельнікі занятка, з цікавасцю разглядаючы навагоднія цацкі і паштоўкі, выказалі думку, што ў іх з’явілася жаданне набыць навагоднія паштоўкі і паслаць родным і сябрам, каб разам з паштоўкамі перадаць ім частку дабрыні і свайго бадзёрага настрою. 

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа,
кіраўнік школьнай газеты “Вялікі перапынак”
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий