У віцебскай школе адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь”  

- 9:03ВИТЕБЩИНА, Регионы

У сярэдняй школе № 40 Віцебска імя М.М.Громава адбылося ўрачыстае адкрыццё ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”.

Удзел ва ўрачыстасці прынялі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік Аляксандр Станчук, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, начальнік аддзела ідэалагічнай работы УУС Віцебскага аблвыканкама падпалкоўнік Дзмітрый Пугачоў, старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, ваенны камісар горада Віцебска, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў палкоўнік Аляксандр Сяржантаў, камандзір вайсковай часці 5524 палкоўнік Аляксей Кулік, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі і бацькі навучэнцаў, а таксама сямікласнікі, якія ў наступным годзе папоўняць шэрагі выхаванцаў “Віцязя”.

Перад урачыстай часткай мерапрыемства прадстаўнікі школ і гімназій Першамайскага раёна Віцебска запрасілі навучэнцаў і гасцей школы на выставу музеяў з інтэрактыўнымі фотазонамі, прэзентацыямі праектаў па ваенна-патрыятычным выхаванні, а ваеннаслужачыя – на выставу ваеннага ўзбраення і спецрыштункаў.

– Некалі я сам быў экскурсаводам Народнага музея Баявой Славы двойчы Чырванасцяжнай 43-й Арміі ў сярэдняй школе № 36 (цяпер гімназія № 9) Віцебска, экспазіцыю якога нам прадставілі сённяшнія юныя экскурсаводы разам са сваімі настаўнікамі, – расказаў Уладзімір Цярэнцьеў. – Памятаю, як мы працавалі ў музеі, як наведвалі заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Хтосьці з нас тады рыхтаваўся да службы ў арміі, хтосьці – да паступлення ў ваенныя вучылішчы; гэта быў карысны вопыт, заснаваны на пераемнасці пакаленняў. Стварэнне ваенна-патрыятычных клубаў – абсалютна правільны, абумоўлены запытамі часу крок. Павінен быць прыклад для моладзі і дакладнае ўсведамленне, навошта трэба служыць у арміі і як праходзіць служба. Прычым заснаванае не на інфармацыі з інтэрнэту, тэлесюжэтаў ці кніжак, а менавіта на практыцы. Да яе ў школьнікаў заўжды высокая цікавасць. Тут будзе нармальная практыка, нацэленая найперш на фарміраванне разумення, што служба ў арміі – ганаровы грамадзянскі абавязак. У клубе юнакі і дзяўчаты змогуць на павышаным узроўні прайсці дапрызыўную падрыхтоўку. Набытыя веды, навыкі спатрэбяцца і тым, хто збіраецца звязаць жыццё з ваеннай справай і намерваецца паступаць у профільныя навучальныя ўстановы. “Віцязь” будзе для сваіх выхаванцаў добрай школай жыцця, дзе яны атрымаюць сапраўдныя ўрокі грамадзянскасці і патрыятызму, недапушчальнасці перапісвання гісторыі, любові да Радзімы.

Дзень адкрыцця клуба стаў знамянальным для ўсіх прысутных і асаблівай датай у жыцці 20 васьмікласнікаў, якім уручылі пасведчанні выхаванцаў “Віцязя”. Заняткі ў ваенна-патрыятычным аб’яднанні пачаліся з 1 снежня, яны праводзяцца двойчы ў тыдзень на базе ўстановы адукацыі і в/ч 5524.

– Мы пачынаем добрую справу, – звярнуўся да навучэнцаў іерэй Свята-Георгіеўскага храма Павел Тарамыкін.  – Спадзяемся, што яна знойдзе жывы водгук, і вы з радасцю будзеце ўдзельнічаць у дзейнасці клуба, ганарыцца тым, што вы яго часцінка. Бо патрыёт – гэта чалавек, які адчувае яднанне з усімі суайчыннікамі. Яго адрознівае намер абараняць інтарэсы сваёй краіны і людзей, якія жывуць у ёй, беражлівае стаўленне да сваіх дома, вуліцы, горада. Сапраўдны патрыёт заўсёды паважае іншыя дзяржавы і культуры, а яскравае праяўленне патрыятызму – у спробах зрабіць жыццё на Радзіме лепшым. Наша краіна перанесла цяжкія выпрабаванні ў Другой сусветнай вайне, але з Божай дапамогай народ пераадолеў фашызм. Пасля вызвалення Віцебска ў ім знаходзілася крыху больш за 100 жыхароў, было знішчана звыш за 93 працэнты жылых пабудоў. Калі абласны цэнтр наведалі эксперты са Злучаных Штатаў Амерыкі, якія дапамагалі тады аднаўляць разбураную гаспадарку, яны выказалі катэгарычнае меркаванне пра немагчымасць аднаўлення горада. Але нашы продкі здолелі зрабіць тое, што здавалася неверагодным нават вопытным спецыялістам: Віцебск паўстаў з руін і з кожным годам прыгажэе. Усё гэта – дзякуючы веры, працы і патрыятычнаму духу нашага народа. Таму хочацца пажадаць, каб такі самы дух зарадзіўся і ў вашых сэрцах, каб вы імкнуліся да лепшага і заўжды памяталі, за што ваявалі вашы прадзеды і прабабулі, дзеля чаго многія ахвяравалі свае жыцці.

Як праінфармаваў Аляксандр Станчук, у дні адкрытых дзвярэй навучэнцы могуць завітаць на тэрыторыю пэўных вайсковых частак і на свае вочы пабачыць жыццё, побыт ваеннаслужачых. У летні канікулярны перыяд у рамках рэспубліканскай акцыі “Клопат” на тэрыторыі вайсковых частак арганізуюцца дзіцячыя лагеры. За мінулы год іх было праведзена 46, у тым ліку 13 – кругласутачнага знаходжання; аздараўленне прайшлі больш за 2 тысячы дзяцей і падлеткаў. Новая сумесная ініцыятыва – ваенна-патрыятычныя клубы. Віцебскі “Віцязь” шосты па ліку, на момант яго адкрыцця падобнымі аб’яднаннямі ахоплена больш за 300 навучэнцаў.

Святам для ўсіх прысутных дзяцей і іх бацькоў, ваеннаслужачых, ганаровых гасцей назваў дзень нараджэння ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Аляксей Кулік.

– Сёння мы бачым, наколькі важна, каб маладое пакаленне ведала гераічнае мінулае свайго народа, а самае галоўнае – імкнулася і вучылася адстойваць інтарэсы і абараняць Айчыну,  – падкрэсліў камандзір вайсковай часці 5524.  – Падрыхтоўка ў клубе будзе дастаткова цікавай. Пагадзіцеся, кожны з бацькоў марыць, каб яго дзіця вырасла дастойным чалавекам, моцным і здаровым не толькі фізічна, але і маральна, і духоўна. Выхаванцы клуба ўступілі ў рады адважных доблесных віцязяў, у іх з’явіліся новыя магчымасці раскрыць свой патэнцыял. Моладзь – наша будучыня. Хачу пажадаць выхаванцам, каб у жыцці яны кіраваліся прынцыпамі дабра, любові і справядлівасці, былі смелымі, умелі праяўляць ініцыятыву і браць на сябе адказнасць, былі гонарам сваіх бацькоў, родных і блізкіх. Мы будзем рыхтаваць сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы.

Праграма работы аб’яднання ўключае тэарэтычныя і практычныя заняткі па ваеннай падрыхтоўцы, тэматычныя выхаваўчыя мерапрыемствы, экскурсіі па месцах баявой славы. Яна заклікана садзейнічаць умацаванню здароўя і фізічнай формы, павышэнню працаздольнасці дзяцей і падлеткаў, фарміраванню ў іх высокіх маральных якасцей, грамадзянскасці, патрыятычнай свядомасці, вернасці Радзіме, гатоўнасці да абароны Айчыны і авалодання неабходнымі для гэтага ведамі, уменнямі і навыкамі.

Мы пастараемся стаць дастойнай зменай, – ад імя выхаванцаў клуба паабяцаў васьмікласнік Кірыл Журба. – І зробім усё, каб апраўдаць ваш давер.

Урачысты настрой удзельнікаў свята падтрымалі яркімі выступленнямі творчыя калектывы Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – узорны харэаграфічны калектыў “Акцэнт” (кіраўнік Анастасія Панова) і ўзорны вакальны калектыў “Лада” (кіраўнік Наталля Лысенка). Завяршылі мерапрыемства паказальнае выступленне ўзвода спецыяльнага прызначэння в/ч 5524 і комплексныя заняткі для выхаванцаў клуба па ваеннай падрыхтоўцы.

 

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий