Выхаванцы аздараўленчага лагера “7 цудаў Навагодняй краіны” Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна наведалі адзіны ў краіне Іўеўскі музей нацыянальных культур.
Экскурсавод Марыя Пазняк правяла інтэрактыўную экскурсію ў забаўляльнай форме з актыўным удзелам саміх наведвальнікаў.
Дзеці зацікавіліся экспазіцыяй музея “Беларускія татары”. Тут яны пазнаёміліся з гісторыяй з’яўлення татараў на беларускіх землях, свяшчэннымі кнігамі, прадметамі культа, легендарнай мячэццю, якая не прыпыняла сваю дзейнасць з моманту адкрыцця, а таксама з побытам татар, іх святамі і грамадскай дзейнасцю.
Не пакінулі без увагі школьнікі і выставу батлеемскіх стаенак. Тэматыка выставы звязана з гістарычнай батлеемскай стаенкай, дзе дзве тысячы гадоў таму нарадзіўся Езус Хрыстус. Акрамя Святой Сям’і з Назарэта дзеці ўбачылі ў стаенках жывёл, якія былі сведкамі нараджэння Божага Сына.
З вялікай ахвотай нашы юныя вандроўнікі наведалі ў музеі лялечны тэатр “Батлейка”. Яны не проста ўбачылі сапраўдны батлеечны спектакль “Калядная гісторыя” пра нараджэнне маленькага Ісуса, а нават змаглі паўдзельнічаць у спектаклі ў ролі акцёраў, атрымаўшы шмат прыемных уражанняў і станоўчых эмоцый.
Алена ШАКУЛЯ,
педагог-арганізатар аздараўленчага лагера
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна