У гэтым навучальным годзе ў яслях-садзе вёскі Паляцкішкі Воранаўскага раёна пачалася рэалізацыя адукацыйнага праекта «Зялёныя школы».
Праект аб’ядноўвае розныя напрамкі экалагічнай адукацыі і ў комплексе вырашае вялікую колькасць задач: павышэнне ўзроўню экалагічнай накіраванасці адукацыі, далучэнне выхаванцаў да актыўнай праектнай, пазнавальнай і прыродаахоўнай дзейнасці, фарміраванне экалагічна арыентаваных паводзін выхаванцаў у дачыненні да вырашэння пытанняў ўстойлівага развіцця праз набыццё практычных навыкаў, развіццё супрацоўніцтва паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу.
Рэалізацыя адукацыйнага праекта «Зялёныя школы» ва ўстанове дашкольнай адукацыі вядзецца па напрамках:
– біяразнастайнасць: вывучэнне відавой разнастайнасці раслін і жывёл прыроднага асяроддзя ўстановы адукацыі і спосабаў яго павелічэння;
– водазберажэнне: вывучэнне напрамкаў выкарыстання вады ва ўстанове адукацыі і дома і спосабаў скарачэння яе выкарыстання;
– энергазберажэнне: вывучэнне структуры энергаспажывання дома і ва ўстанове адукацыі і спосабаў яго скарачэння;
– абыходжанне з адходамі: аналіз крыніц утварэння адходаў, вызначэнне спосабаў іх мінімізацыі, перапрацоўкі і другаснага выкарыстання;
– інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы: акцыі, выставы, конкурсы, экалагічныя ініцыятывы, экалагічная асвета.
З пачатку навучальнага года ў ходзе рэалізацыі праекта зроблена вельмі шмат. Найбольш запамінальнымі сталі такія формы працы, як назіранне-даследаванне «Адкуль бярэцца смецце?», даследчая дзейнасць «Дзе мы сустракаем ваду, якая яна?», экалагічная прагулка «У краіну зялёных ведаў», экалагічная сцежка «Дрэвы дзіцячага саду», збор гербарыя «Кожнаму дрэву свой лісток», гульня-пошук «Рашэнне экалагічных праблем», акцыі «Энергазберажэнню – так!», «Адходы ў даходы», «Наш цёплы дзіцячы сад», «Кожнай батарэйцы хатка».
Створаны дыдактычныя гульні «Чысты горад», «Сартуем смецце – беражом прыроду», праведзены заняткі па экалогіі «Вада – крыніца жыцця на Зямлі», «Чаму нельга забруджваць вадаёмы?», «Знаёмства з уласцівасцямі вады», «Мы сябры прыроды», «Энергія і яе роля ў нашым жыцці, вытокі энергіі» і інш.
Для прыцягнення бацькоў да працы ў гэтым кірунку быў праведзены бацькоўскі сход на тэму экалагічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту «Ведай і любі свой край, прыроду любі і не крыўдзі!», а таксама было праведзена анкетаванне бацькоў з мэтай выяўлення ўзроўню іх экалагічнай асветы «Ці ўмееце вы эканоміць ваду?», «Ці ўмееце вы эканоміць электраэнергію?», «Як вы сартуеце смецце?», «Вытокі і спосабы ліквідацыі забруджвання навакольнага свету». Вынікі, атрыманыя ў ходзе аналізу анкет, дапамаглі скарэкціраваць працу з бацькамі і законнымі прадстаўнікамі па напрамках рэалізацыі адукацыйнага праекта «Зялёныя школы».
Правядзенне запланаваных мерапрыемстваў у рамках праекта будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню экалагічнай свядомасці падрастаючага пакалення, фарміраванню ў выхаванцаў і іх законных прадстаўнікоў правільных экалагічных паводзін. Прыцягненне вялікай колькасці выхаванцаў да працы над экалагічнымі праблемамі сфарміруе ў іх правільнае стаўленне да індывідуальнага здароўя, здаровага ладу жыцця, экалагічнага стану навакольнага асяроддзя.
Надзея ЖУКОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада в. Паляцкішкі
Воранаўскага раёна