Літаратурна-музычная кампазіцыя “Калядная зорка” прайшла ў сярэдняй школе № 16 Гродна

- 9:14ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Фарміраванню духоўна багатай асобы і пашырэнню кругагляду спрыяюць факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, якія функцыянуюць у сярэдняй школе № 16 Гродна. У межах праграмы курса напярэдадні Калядных святаў была распрацавана і праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя “Калядная зорка”.

Мерапрыемства заснавана на рэлігійным змесце і ўзнавіла біблейскі сюжэт нараджэння Ісуса Хрыста. Створаная атмасфера дазволіла прысутным акунуцца ў далёкія часы, больш за дзве тысячы гадоў назад. Крэатыўныя самабытныя дэкарацыі і касцюмы, пранікнёная ігра маладых акцёраў, прадуманы музычны фон, эфектная пастаноўка гуку і святла – адпаведны антураж быў створаны.

Паступова, крок за крокам, узнаўляліся вядомыя гістарычныя падзеі. Інсцэніраванне, дэкламаванне вершаў, выкананне песень удала перапляталіся, утвараючы суцэльную кампазіцыю. Спачатку мы бачылі, як анёл прынёс добрую вестку пастухам, потым, як тыя пайшлі пакланіцца маленькаму Збавіцелю ў пячору, далей на сцэне валхвы (мудрацы) вырашалі, што падарыць месіі…

Выканаўцы роляў, відаць, з глыбокім разуменнем прынялі свае амплуа, бо кожная рэпліка гучала разважліва, міміка і жэсты былі дарэчнымі, тэмбр голаса змяняўся ў залежнасці ад эмоцый. Сцэнкі біблейскага сюжэта перамяжоўваліся з тэматычнымі вершамі і песнямі. Пяшчотныя і ўзвышаныя радкі, у большасці сваёй напісаныя паэтамі больш за сто гадоў назад, у вуснах пяці-сямікласнікаў, канечне, набылі сучасную інтэрпрэтацыю, аднак галоўны, велічны іх сэнс захаваўся. Не зусім звыклыя словы нікога не здзіўлялі, а, наадварот, спрыялі далучэнню да чарадзейства.

Святло Каляднай зоркі заззяла на сцэне не толькі дзякуючы ліхтару, але і трапяткім паэтычным вобразам. Падкупляла яшчэ і тое, што дэкарацыі і адпаведная атрыбутыка дапамагалі адчуць сябе прысутнымі ў тым знакавым часе, мы змаглі ўбачыць нават дары валхвоў – ладан, золата і смірну – і зразумець іх прызначэнне. Здаецца, арганізатары прадбачылі ўсё (ад інсталяцыі ў зале да акцёрскага кастынгу), бо мерапрыемства прайшло на адным дыханні. Нават дзіўна, што нашым дзецям, распешчаным кліпавымі медыяпрадуктамі, яно прыйшлося даспадобы і не падалося сумным. Вельмі важна тое, што пасля прагляду кампазіцыі ўсе ранейшыя фрагментарныя веды вучняў нарэшце склаліся ў адно цэлае, а прабелы ў разуменні біблейскага сюжэту запоўніліся.

Усе нумары былі арганічна пераплецены і, па прынцыпе мазаікі, стваралі адзіную змястоўную карціну. Карціну духоўнага ўсведамлення сэнсу надыходзячага свята.

 

Людміла ЖДАНЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 16 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий