Свята для дашкольнікаў “Свет Каляднай зоркі”

- 12:48ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Напярэдадні праваслаўных Каляд у Гезгалаўскім яслях-садзе Дзятлаўскага раёна адбылося свята “Свет Каляднай зоркі”.

Пад калакольны звон дзеці зайшлі ў прыгожа ўбраную навагоднюю залу, дзе вядучыя мерапрыемства – выхавальнікі дашкольнай адукацыі Марына Басай  і Ала Шашко – прапанавалі сустрэць адно з галоўных праваслаўных святаў – Каляды.

Марына Іванаўна расказала дзецям, што падчас гэтага свята славяць Ісуса Хрыста, дзякуюць Богу за тое, што ён паслаў з нябёсаў сына свайго, які вучыць любіць, верыць і дараваць. Для таго прыйшоў Хрыстос на зямлю, каб у сэрцах людзей адбыўся цуд, каб злы стаў добрым, сквапны стаў шчодрым, каб той, хто плача, быў сцешаны, каб адзінокі набыў сябра.

Потым увага дзяцей была звернута на незвычайную зорку, якую заўважылі калісьці ў Віфлееме валхвы. Зорка прывяла іх да пячоры, у якой у яслях ляжала немаўлятка. Мудрацы здагадаліся, што гэта не проста немаўлятка, а сам Бог. З вялікай цікавасцю разглядалі выхаванцы пячору, створаную музычным кіраўніком Наталляй Капковіч, якая адлюстроўвае сцэну раства Хрыстова.

Затым Марына Іванаўна папрасіла дзяцей паглядзець на ікону на экране. У цэнтры гэтай іконы – выява Маці Ісуса Хрыста Дзевы Марыі. З якім замілаваннем маці глядзіць на свайго сына. І ўсё вакол лікуе, бо нарадзілася не проста немаўлятка, а Сын Божы, які прыйшоў выратаваць людзей, прынёс любоў, мір і надзею на жыццё вечнае.

Падчас мерапрыемства дзеці з задавальненнем чыталі вершы, спявалі песні пра Бога і анёлаў, пра Раство Хрыстова, паглядзелі відэаказку “Калядная ёлка”, удзельнічалі ў гульнях “Упрыгож ёлачку”, “Чаго на ёлцы не бывае”, “Складзі снегавіка”.

І, вядома ж, якое свята без падарункаў? Напрыканцы мерапрыемства дзеці атрымалі салодкія пачастункі.

 

Алена ЛУКІЯНЕЦ,
намеснік загадчыка
Гезгалаўскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий