Рэспубліканскі навукова-практычны семінар па фарміраванні духоўна-маральнай культуры грамадства

- 12:45ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Рэспубліканскі навукова-практычны семінар прайшоў у Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя І.С.Выгоцкага. У цэнтры ўвагі – мадэляванне адукацыйнай прасторы ўстаноў прафесійнай адукацыі на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа як умова фарміравання духоўна-маральнай культуры грамадства.

Да пачатку мерапрыемства для гасцей была арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак і выставак работ педагогаў і навучэнцаў педагагічнага каледжа, Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя рачнога флоту, Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава, Гомельскага абласнога камітэта БРСМ. У рамках навукова-практычнага семінара ва ўстанове адукацыі быў урачыста адкрыты профільны кабінет па накірунку “Асновы праваслаўнай культуры”. 

– Духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення з’яўляецца адной з асноўных задач педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі. Мы вельмі ўдзячны Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы за ўсебаковую падтрымку па гэтым накірунку. Кабінет по асновах праваслаўнай культуры быў створаны пры непасрэдным удзеле, падтрымцы і па благаславенні архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана, – адзначыў намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чорненькі.

Дырэктар ГГПК імя І.С.Выгоцкага Ірына Казімірава расказала, што стварэнне такога кабінета – зусім не выпадковая справа. У сакавіку мінулага года паміж установай адукацыі і Гомельскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве і распрацаваны план узаемадзеяння. На базе каледжа больш за пяць гадоў рэалізуецца і працягвае існаваць інавацыйны праект па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа. Кансультантамі праекта выступаюць дацэнт кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі БДПУ імя М.Танка Людміла Фінькевіч і дырэктар Цэнтра праваслаўнай асветы прападобнай Еўфрасінні Полацкай Аляксандр Бройка, якія з задавальненнем прынялі ўдзел у навукова-практычным семінары.

– Калі работа над праектам толькі пачыналася, ён лічыўся эксперыментальным. Галоўнай задачай было даследаваць, наколькі магчыма гаварыць пра духоўнае развіццё дзяцей у свецкіх установах адукацыі. Праект прайшоў апрабацыю на працягу трох гадоў у самых высокіх інстанцыях. І сёння мы бачым, што ідэі і місія адукацыйнай галіны ў нашай краіне цалкам супадае з галоўнымі каштоўнасцямі праваслаўнай культуры, каштоўнасцямі сям’і, вернасці радзіме, любві, патрыятызма, жыцця чалавека, міралюбія, цярплівасці, – удакладніла Людміла Уладзіміраўна, навуковы кіраўнік праекта.

Ганаровым госцем навукова-практычнага семінара па мадэляванні адукацыйнай прасторы ўстаноў прафесійнай адукацыі на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа стаў епіскап Светлагорскі, вікарый Гомельскай епархіі ўладыка Амвросій. Звяртаючыся да ўдзельнікаў, святар перадаў словы віншавання ад архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана, звярнуў увагу на значэнне сям’і і ролю педагога ў справе выхавання маладога пакалення:

У першую чаргу неабходна падаваць асабісты прыклад, інакш вельмі складана будзе выхаваць дзіцяці, калі уласныя паводзіны не будуць адпавядаць духоўна-маральным нормам. І менавіта такія пляцоўкі дапамагаюць абмяняцца вопытам, расказаць пра свае праблемы і дасягненні, знайсці шляхі вырашэння. Памятайце, што наперадзе ў нас цудоўная, светлая будучыня.

Пасля ўрачыстага адкрыцця профільнага кабінета па асновах праваслаўнай культуры і плянарнага паседжання прайшла практычная частка мерапрыемства з прэзентацыяй вопыта работы па мадэляванні адукацыйнай прасторы ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў кантэксце фарміравання духоўна-маральнай культуры грамадства. Завяршыўся навукова-практычны семінар наведваннем Гомельскага епархіяльнага ўпраўлення БПЦ і экскурсіяй ў дамавы храм-музей у гонар Сабора ўсіх Беларускіх Святых.

 

Кацярына КАВАЛЕНКА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий