Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Незгасальная зорка Багдановіча”

- 13:21БРЕСТЧИНА, Регионы

У сярэдняй школе № 1 Лунінца прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Незгасальная зорка Багдановіча”.

Вучняў чакала шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Тыдзень пачаўся з работы школьнай агітбрыгады, члены якой расказвалі пра жыццё і дзейнасць беларускага паэта Максіма Багдановіча. Факты з яго біяграфіі, сабраныя юнакамі і дзяўчатамі, былі новымі і незвычайнымі.

Па ўсёй школе размяшчаліся афарызмы класіка беларускай літаратуры, якія вялі да месца правядзення віктарыны “Такі невядомы вядомы Багдановіч…”. Жадаючых паўдзельнічаць у ёй было столькі, што давялося падзяліць усіх ажно на чатыры каманды! Вучняў чакалі цікавыя факты з жыцця юнака Максіма і яго сям’і, прэзентацыі, заданні па валоданні роднай мовай, сцэнкі і імправізацыі. Вынік – узнёслы настрой, новыя сябры, свежыя веды!

Падчас акцыі “Хто хутчэй” вучні выконвалі тэсты, пісалі міні-сачыненні, змагаліся з крыжаванкамі, рашалі рэбусы. І ўсё гэта суправаджалася смехам і жартамі.

Самай цікавай стала агульнашкольная акцыя “Чароўны аркуш” – творчы конкурс, падчас якога каманды кожнага класа малявалі карціну на тэму “Прырода ў творах Максіма Багдановіча”. Залічвалася ўсё: веданне творчасці паэта, эстэтычнасць, арыгінальнасць, майстэрства выканання.

Малюнкамі нічога не скончылася: цёплая, душэўная атмасфера панавала яшчэ і падчас сустрэчы вучняў з мясцовымі літаратарамі і даследчыкамі. Дзеці не толькі пачулі цікавыя гісторыі з вуснаў знакамітых землякоў, але і атрымалі парады для больш эфектыўнай творчай дзейнасці, частку з якіх здолелі прымяніць на конкурсе чытальнікаў вершаў М.Багдановіча. Пераможцы спаборніцтва прынялі ўдзел у сустрэчы-рэквіеме “Незгасальная зорка на нашым небасхіле” у раённай бібліятэцы.

Шмат станоўчых эмоцый падарылі школьнікам інтэрактыўная гульня “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”, інтэлектуальны конкурс “Знаўцы беларускай мовы”, гульня “Слабое звяно”.

 

Андрэй КІСЛЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Лунінца

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий