Нярэдка ў руках дзяцей можна ўбачыць слаймы, лізуны, якія могуць пашкодзіць здароўю. Альтэрнатывай можа стаць гліна. Менавіта гэты матэрыял выкарыстоўваецца на занятках гуртка “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ясляў-сада № 8 Навагрудка.
З даўніх часоў беларусы мелі магчымасць здабываць гліну і пераўтвараць яе ў посуд, цацкі, дэкаратыўныя вырабы. Гэта экалагічна чысты прыродны матэрыял, таму дашкольнікаў можна і неабходна знаёміць з ім. Так, выхаванцы старшай групы ясляў-сада маюць магчымасць даследаваць гліну, вызначаць яе якасці, размінаць, камячыць, ляпіць з яе простыя рэчы. Дзеці знаёмяцца з тэхнікай і спосабамі лепкі цацак: “Пеўнік”, “Качка”, “Баран”. Калі вырабы высыхаюць, дашкольнікі з задавальненнем размалёўваюць іх гуашавымі фарбамі на свой густ.
У дзяцей развіваюцца творчыя здольнасці, фантазія, дробная маторыка рук. А галоўнае, што праца з прыроднымі матэрыяламі і магчымасць паказаць вынікі сваёй працы родным, заўсёды радуе дзяцей.
Людміла ВАЎЧОК,
выхавальнік
ясляў-сада № 8 Навагрудка