Старшакласнікі сярэдняй школы № 11 Ліды сустрэліся з Уладзімірам Васько  

- 9:15ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Літаратурная гасцёўня сабрала аматараў слова ў бібліятэцы лідскай сярэдняй школы № 11. У госці да навучэнцаў 9–10-х класаў завітаў вядомы на Лідчыне пісьменнік, таленавіты майстар слова Уладзімір Васько.

“Зігзагі лёсу Уладзіміра Васько” – так гучала тэма гасцёўні. А сустрэча была не выпадковай: літаральна днямі майстар слова адзначыў сваё 85-годдзе.

Перш-наперш навучэнцы і настаўнікі павіншавалі пісьменніка з юбілеем, пажадалі моцнага здароўя, творчага натхнення і папрасілі Уладзіміра Гаўрылавіча працягваць здзіўляць усіх новымі мастацкімі творамі – вершамі і апавяданнямі. Што вельмі прыемна ўразіла госця, дык гэта тое, што ў бібліятэцы школы была арганізавана выстава кніг і артыкулаў “Паэзія пачуццяў і думак”, прысвечаная яго юбілею.

Падчас сустрэчы Уладзімір Гаўрылавіч расказаў школьнікам пра сябе, пра сваю літаратурную дзейнасць, падзяліўся ўспамінамі пра той час, калі ён працаваў у раённым выданні “Лідская газета”, якой прысвяціў амаль 30 гадоў.  

Сёлетні юбіляр нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. За яго плячыма Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы, праца ў рэдакцыях шчучынскай, дзятлаўскай і лідскай раённых газет. З 1972 года жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Выдаў кнігі паэзіі і прозы “Прасветленасць”, “На схілах берагоў”, “Кругаварот жыцця”, “Лясная рапсодыя”, “Зігзагі лёсу”, “Энергія душы”, “На перавалах часу”. Больш за 30 гадоў Уладзімір Васько ўзначальваў літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры раённым выданні “Лідская газета”, і менавіта ён даў назву, якая і да гэтага часу ўвасабляе і аб’ядноўвае ўвесь літаратурны свет Лідчыны.

У цёплай атмасферы гасцёўні вершы паэта гучалі асабліва. Найбольшую цікавасць і інтарэс у падлеткаў выклікалі байкі, якія Уладзімір Гаўрылавіч піша апошнія гады. Яны атрымліваюцца ў яго вельмі змястоўнымі, актуальнымі. Загадчыца бібліятэкі Тамара Зенюкевіч прадэкламавала некалькі баек і звярнула ўвагу на мову і дакладныя вобразы, якія выкарыстаны ў творах. Дарэчы, Тамара Іосіфаўна ведае творцу не адзін дзясятак гадоў, таму яна падзялілася з вучнямі сваімі ўспамінамі і ўражаннямі пра сяброўства з пісьменнікам.  

Разнастайнасці тэм, да якіх звяртаецца ў паэзіі майстар слова, мог бы пазайздросціць кожны. Як пераканаліся юныя суразмоўцы, у цэнтры ўвагі Уладзіміра Васько – тэмы малой радзімы, паэта і паэзіі, кахання, дзіцячая тэма, шэраг твораў уяўляюць сабой філасофскія разважанні на надзённыя пытанні.

Пацікавіліся школьнікі ў госця, ці сустракаўся ён з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. І ў адказ пачулі, што за сваё жыццё Уладзімір Гаўрылавіч вёў сяброўства з Максімам Танкам, Янкам Брылём, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Аляксеем Карпюком, Алегам Лойкам і інш.

Пісьменнік падзяліўся з вучнямі сваімі думкамі пра сутнасць паняцця “паэзія”, пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы чалавека, даў некалькі парад у майстэрстве напісання вершаў.

Унікальнай магчымасцю для юных аматараў слова стала набыццё ў сваю хатнюю бібліятэку зборнікаў паэзіі і прозы пісьменніка, а таксама атрыманне ўласнага аўтографа ад аўтара.

Нягледзячы на сталы ўзрост Уладзімір Васько – паэт з маладой душой. Яго творы добра ўспрымаюцца юнымі слухачамі. І гэта было заўважана падчас мерапрыемства.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий