У сярэдняй школе № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава незвычайна правялі тыдзень беларускай мовы і літаратуры: тут арганізавалі і правялі квест-гульню “Падарожжа па беларускай культуры”.
У падарожжы прымалі ўдзел вучні 5–11-х класаў. У дзень старту паштальёны разносілі лісты па класах. У гэтых таямнічых лістах былі заданні для каманды з васьмі ўдзельнікаў на пяць дзён. Пяць дзён – пяць заданняў.
Першы прыпынак называўся “Архаічны лес”. Удзельнікі знаходзілі эквіваленты слоў, якія выйшлі з ужывання, пазнавалі аб’ект або прадмет па апісанні, з літар складалі архаізмы.
Другі прыпынак называўся “Літаратурнае возера”. На гэтым прыпынку навучэнцы праяўлялі свае творчыя здольнасці. Вучні 5–6-х класаў складалі крыжаванкі з цэнтральным словам “Радзіма”. Хлопцы і дзяўчаты з 7–8-х класаў пісалі вершы па прынцыпе бурымэ. Старшакласнікі ж падрыхтавалі выразнае чытанне верша, а галасаванне за лепшую рэцытацыю адбывалася ў школьнай суполцы сацыяльнай сеткі “УКантакце”
Трэці прыпынак – “Замак гульняў”. Вучні 5–11-х класаў праводзілі беларускія народныя гульні “Пярсцёнак”, “Грушка”, “Бярозка”, “Мост”, “Золата”, “Рыбка” для пачатковай школы. Гульню выбіралі самі навучэнцы, самі выступалі ў ролі арганізатараў для малодшых таварышаў.
Чацверты прыпынак – “Творчая майстэрня”. Неабходна было прадэманстраваць свайму класу любы творчы нумар – цудоўная магчамасць паказаць свае здольнасці.
Пяты прыпынак – “Смачная вёска”. Вучні разам з бацькамі гатавалі беларускія стравы, фіксавалі этапы прыгатавання і дзяліліся фотаздымкамі сваіх шэдэўраў. Самымі папулярнымі аказаліся дранікі. Аднак было і шмат іншых страў: бульбяная бабка, прасяная каша, калдуны па-татарску, бульба са шкваркамі.
Апошні прыпынак – “Плошча пераможцаў”. Падводзіліся вынікі тыдня, арганізатары абвяшчалі пераможцаў. Кожная каманда, якая змагла выканаць усе заданні квеста, атрымала сертыфікаты на 10 балаў па беларускай літаратуры.
Трэба адзначыць, што для найбольшай зацікаўленасці вучняў неабходна адлюстроўваць мерапрыемствы тыдня ў школьных СМІ: суполках у сацыяльных сетках, на сайце, у газеце. Цікавасць у навучэнцаў выклікаюць і галасаванні ў сацыяльных сетках, дзе вучні выступаюць не толькі як удзельнікі і назіральнікі, але і як суддзі.
Квест – даволі распаўсюджаная форма арганізацыі адпачынку сярод моладзі. Перанос дасугавых форм правядзення мерапрыемства ў навучальны працэс дазваляе настаўнікам ненадакучліва данесці да вучняў інфармацыю або ўзнавіць веды.
Марына РАЖКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава