Супрацоўніцтва барбароўскай школы з установамі на тэрыторыі сельсавета  

- 13:02ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Барбароўская базавая школа Мазырскага раёна плённа супрацоўнічае з усімі ўстановамі на тэрыторыі Барбароўскага сельскага Савета, каб рэалізоўваць свае выхаваўчыя задачы.

Асноўная задача, якая стаіць перад педагогамі школы на 2022 год – год гістарычнай памяці – працягваць выхоўваць у вучняў патрыятычныя пачуцці, дабрыню, павагу да сваіх гераічных продкаў. Сапраўды, важна, каб мы, беларусы, цанілі мір і спакой на роднай зямлі, не забывалі пра подзвігі і дасягненні нашага народа.

Вучні і настаўнікі ўшаноўваюць памяць пра загінуўшых пры вызваленні Барбарова герояў Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры вёскі на брацкай магіле воінаў і партызан устаноўлены помнік, ля якога праводзяцца мітынгі, экскурсіі, прыём вучняў у піянеры. У школе сабраны багаты матэрыял пра гераічнае мінулае аднавяскоўцаў, пра нашых знакамітых землякоў.

У школьным музеі ёсць асобныя экспазіцыі, прысвечаныя нашым аднавяскоўцам: акадэміку Міхаілу Яфрэмавічу Мацэпуры – аўтару 130 навуковых работ па механізацыі сельскай гаспадаркі і кампазітару Мікалаю Макаравічу Пятрэнку, аўтару знакамітых беларускіх “Ручнікоў”. Настаўніца гісторыі Наталля Кудрыцкая на ўроках і ў пазакласнай рабоце выкарыстоўвае музейныя матэрыялы з мэтай далучэння вучняў да багатай спадчыны беларускага народа.

Вялікую ролю ў развіцці пазнавальнай дзейнасці вучняў адыгрываюць не толькі праграмныя падручнікі, але і бібліятэчная літаратура. Бібліятэкар Валянціна Карабіновіч дастаўляе кнігі сталым людзям, знаёміць іх з навінамі перыядычнага друку. Бібліятэкар падтрымлівае цесную сувязь з сельскім домам культуры, са школай. Разам наладжваюць канцэрты, тэматычныя вечары, конкурсы, дыспуты, гульні. Валянціна Уладзіміраўна прымала ўдзел у абласным конкурсе “Літаратурны герой”, дзе за работу “Пакацігарошак” была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені і цэнным падарункам.

Бібліятэкар назапасіла багаты матэрыял па гісторыі роднага краю: “Іх імёны ў гісторыі вёскі”, “Пазнай сваю Бацькаўшчыну”, “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе землякоў”, “Вандроўка ў вёску Барбароў” і інш. У бібліятэцы створаны пакой-музей “Назад у СССР”, дзе дэманструюцца прадметы быту, мэбля, цацкі савецкага часу. У зале экспануецца калекцыя лялек, якія вырабіла і пашыла сама Валянціна Уладзіміраўна. За значны ўклад у развіццё бібліятэчнай сістэмы, творчы падыход да арганізацыі абслугоўвання чытачоў і высокія паказчыкі ў рабоце летась яна ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені.

Дарэчы, у цеснай узаемасувязі працуюць усе ўстановы на тэрыторыі Барбароўскага сельскага Савета. Педагагічны калектыў Барбароўскай базавай школы цесна супрацоўнічае з бацькамі, якія ў сваю чаргу не толькі цікавяцца навучальным працэсам, але і разам з дзецьмі прымаюць актыўны ўдзел у пазакласных мерапрыемствах. Стала традыцыяй сумесна праводзіць урачыстыя лінейкі, канцэрты, святы, дзе ў ролі вядучых выступаюць вучні старшых класаў.

Настаўнікі пачатковых класаў Аксана Дзікун, Аксана Леасевіч, Алена Лужкова ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю маўлення вучняў. І як радуюцца бацькі, калі іх дзеці на сцэне выразна чытаюць вершы, удзельнічаюць у інсцэніроўках, прыгожа спяваюць і танцуюць.

Нашы вучні – пераможцы многіх раённых і абласных конкурсаў. Пра гэта сведчаць дыпломы і граматы на школьным насценным стэндзе. Пахвальна, што вучань восьмага класа Данііл Карабіновіч пад кіраўніцтвам Алены Лужковай прыняў удзел у міжнародным конкурсе па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Традыцыі і навацыі” і быў узнагароджаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Дэкаратыўная лялька”.

У конкурсах удзельнічаюць і настаўнікі школы. За творчую работу “Залатое пяро “Белай Русі” – 2021” настаўніца Вікторыя Назаранка заняла трэцяе месца.

Дырэктар школы Ірына Зароўная ўмела і прафесіянальна кіруе калектывам педагогаў. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі за асабісты ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення і павышэнне якасці адукацыйнага працэсу.

Калектыў Барбароўскага сельскага дома культуры стварае вяскоўцам добры настрой. Тут у этнаграфічным куточку радуюць вока вышываныя ручнікі, сурвэткі, у фае – прыгожа аформленыя стэнды і выстаўкі работ гурткоўцаў. У сельскім доме культуры дзейнічае восем гурткоў, сямейны клуб “Гармонія”, клуб выхаднога дня, дзе кожны можа знайсці занятак па душы. Гэта забяспечвае цікавую і рознабаковую дзейнасць дзяцей і дарослых.

Культарганізатар Алена Бандарэнка і акампаніятар Святлана Бандарэнка праводзяць рэпетыцыі і радуюць гледачоў тэматычнымі канцэртамі і святамі, у якіх удзельнічаюць усе калектывы ўстаноў Барбарова. Вядучымі і ўдзельнікамі такіх канцэртаў часта выступаюць настаўнікі школы Алена Крыцкая і Вольга Жукоўская.

Больш дваццаці гадоў узначальвае сельскі дом культуры Наталля Ліс. Наша зямлячка пастаянна ўдзельнічае ў раённых, абласных і міжнародных конкурсах. Яна з’яўляецца салісткай народнага аматарскага ансамбля “Стрэчанне”. За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый у намінацыі “Індывідуальны выканаўца” Наталля Яўгенаўна неаднаразова станавілася лаўрэатам ІІ і ІІІ ступені на Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. У 2019 годзе прымала ўдзел у Міжнародным фестывалі ў Чэхіі. Загадчык СДК актыўна супрацоўнічае з мясцовым насельніцтвам. На працягу трох гадоў яна праводзіла падрыхтоўку маладых сем’яў да ўдзелу ў раённым і абласным конкурсах “Властелин села”. У выніку сем’і Чумачэнкі, Астапенкі і Тышкевічы занялі ў спаборніцтвах прызавыя месцы.

Часты госць ва ўстановах вёскі – старшыня Барбароўскага сельсавета Таццяна Кушнірук. Яна цікавіцца работай калектываў, падтрымлівае іх і ганарыцца поспехамі. Штогод у цэнтры Барбарова праводзіцца дзень вёскі. Гэта сапраўдны фестываль талентаў і творчасці. Тут і песні, і танцы, і конкурсы, і віншаванні, і падвядзенне вынікаў работы калектываў за год. За актыўны ўдзел у развіцці сельскай мясцовасці ўручаюцца граматы.

Умеюць барбароўцы дарыць цяпло сваёй душы і радасці, умеюць і шчыра працаваць. У саўгасе-камбінаце “Зара” яны славяцца высокімі дасягненнямі. І пахвальна, што сярод лідараў вытворчасці ёсць выпускнікі нашай школы. Поспех і стабільнасць у рабоце вяскоўцаў дасягаецца ў адзінай камандзе.

 

Алена ЛУЖКОВА,
настаўнік пачатковых класаў
Барбароўскай базавай школы
Мазырскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий