Дэкада духоўна-маральнага выхавання ў сярэдняй школе № 11 Ліды  

- 14:24ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Штогод у студзені ў сярэдняй школе № 11 Ліды праводзіцца дэкада духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў “Шлях да ісціны”, удзел у якой прымаюць усе вучні і настаўнікі школы.

Сёлета дэкада пачалася з наведвання вялікага каляднага канцэрта для ўсёй сям’і “Чароўны свет Раства”, на які гараджан запрасілі раённы палац культуры і Лідскае благачынне.

Віртуальнае падарожжа па Беларусі падчас дэкады здзейснілі вучні 5 “А” класа, якія наведваюць факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Вывучаючы тэму “Беларускія народныя традыцыі святкавання Раства Хрыстова. Каляда”, дзяўчынкі і хлопчыкі пазнаёміліся не толькі з асаблівасцямі падрыхтоўкі да свята нашых продкаў і гісторыяй каляднай ёлкі, але і ўбачылі фрагменты відэафільмаў пра беларускія народныя абрады: “Калядныя цары”, які існуе толькі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна і ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА; “Цягнуць Каляду на дуба” вёскі Новіны Бярэзінскага раёна; “Ката пячы” вёскі Скірмантава Дзяржынскага раёна; “Тры каралі” вёскі Ваверка Лідскага раёна. Гэта стала сапраўдным калядным падарожжам для дзяцей.

Адметным і неверагодна займальным мерапрыемствам для вучняў 5–7-х класаў стаў удзел у квесце “Каляднае падарожжа”. На сямі станцыях школьнікі атрымлівалі заданні, якія патрабавалі ведаў біблейскай гісторыі, паняццяў, выяў калядных атрыбутаў, назваў посных страў на Куццю, традыцый. Вучні адказвалі на пытанні, аднаўлялі тэкст біблейскай гісторыі нараджэння Іісуса Хрыста, разгадвалі сканворды, складалі каляднае лато, шукалі код да зашыфраванага выразу, падарожнічалі па лабірынце паняццяў. Падводзячы вынікі квесту, усе пераканаліся ў адным, што гульня дазволіла кожнаму ўдзельніку папоўніць свае веды пра адно з галоўных свят усіх хрысціян. 

Цікавым і адначасова адказным для вучняў 8–10-х класаў сталі падрыхтоўка і ўдзел у V школьных праваслаўных краязнаўчых чытаннях, якія ў гэтым годзе былі прысвечаны тэме “Цудатворныя іконы Прасвятой Багародзіцы”. Падлеткі пазнаёміліся з гісторыяй цудатворных ікон Багародзіцы, якія сёння шануюцца ў храмах Гродзенскай вобласці. Усяго было сабрана і прадстаўлена ўвазе слухачоў 15 выступленняў. Гэта гісторыі Багародзічных ікон з такіх месц, як Сынкавічы, Жыровічы, Мураванка, Ракавічы, Сукневічы, Голдава, Мір, Баруны, Ліда, Гродна, Сапоцкін, Навагрудак. Лёс кожнай святыні – гэта не проста гісторыя выявы, а нешта своеасаблівае, што дазволіла юным праваслаўным краязнаўцам глыбей зазірнуць у свет веры.

Падчас дэкады ва ўсіх класах прайшлі ўрокі духоўнасці на духоўна-маральныя тэмы “Праваслаўныя храмы Лідчыны”, “25 жамчужын Лідскага краю”, “Прыгажосць выратуе свет”, “Хрысціянскае разуменне сям’і і шлюбу”, “Віртуальная рэальнасць”, “Святыні зямлі беларускай”.  

На працягу дэкады “Шлях да ісціны” вучні школы наведвалі храм Усіх Святых, дзе ўрокі духоўнасці правёў настаяцель храма айцец Уладзімір Яроміч.

Усе мерапрыемствы былі накіраваныя на адраджэнне духоўнай спадчыны праваслаўных беларусаў, фарміраванне светапогляду і правільных адносін да жыцця, а таксама на развіццё творчага мыслення і пазнавальнай дзейнасці школьнікаў.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
кіраўнік факультатыўнага курса
па духоўна-маральным выхаванні
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий