Прамысловы турызм нягневіцкіх школьнікаў

- 12:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Шосты школьны дзень самы час добра адпачыць і напоўніцца энэргіяй. Мэтай чарговага падарожжа вучняў Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна стала экскурсія на шклозавод Нёман і ААТ Лідахарчканцэнтраты.

Прамысловы турызм у апошнія часы стаў набываць вялікую папулярнасць у нашай краіне. Такі від турызму цікавы для тых, хто жадае ведаць, з чаго зроблены рэчы, якія знаходзяцца вакол нас.

Шклозавод “Нёман” сустрэў школьнікаў чароўнай крыштальнай казкай. Падчас экскурсіі мы наведалі працоўны цэх, дзе ўбачылі ўвесь цыкл вытворчасці шкляных вырабаў. Сам працэс вельмі ўразіў і дзяцей, і дарослых. Мы былі гатовыя стаяць і глядзець на работу майстроў гадзінамі. Музей шкла, які знаходзіцца на тэрыторыі завода, стаў наступным аб’ектам экскурсіі. Тут мы пазнаёміліся не толькі з імёнамі знакамітых майстроў і іх шэдэўрамі, але і са спосабамі вырабу шкла, і з матэрыяламі.

Работы віртуозных майстроў-шкловыдзімальнікаў выклікалі ў нас незабыўнае ўражанне. Унікальнасць ручной тэхналогіі, каштоўнай ва ўсім свеце, паказала сябе тут ва ўсёй красе. Вазы, куфлі, фужэры, фігуркі і кампазіцыі, створаныя майстрамі, не толькі прыгожыя, але і функцыянальныя.

Бясколернае шкло з рознымі відамі дэкору, каляровае шкло, высакародны крышталь, шкло з рознымі эфектамі – гэта тое, што стваралася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Асаблівае захапленне ў нас выклікалі шэдэўры з малочна-дымчатага шкла з тонкай “нёманскай ніткай”, якія нагадваюць творы венецыянскіх майстроў.

Напрыканцы экскурсіі мы нават атрымалі падарункі ў выглядзе шклянога збаночка.

Прамысловае прадпрыемства “Лідахарчканцэнтраты” сёння выпускае больш за 150 найменняў разнастайнай прадукцыі пад маркамі “Лидкон”, “Лидские приправы”, “Twitnik” і ўсімі любімы “Хрумстик”. Нам было вельмі цікава пабываць у атмасферы стварэння ўсімі любімага ласунка.

Музейны пакой у фотаздымках, рэчах, архіўных дакументах і пазнавальнай інфармацыі ад экскурсавода пазнаёміў нас з гісторыяй прадпрыемства ад пачатку яго заснавання да нашых дзён. Мора ўражанняў атрымалі ад наведвання цэху па вытворчасці кукурузных палачак. Адразу ўсе ўявілі сябе героямі ўсім вядомай рэкламы па вытворчасці знакамітых палачак Twix. Мы сталі сузіральнікамі стварэння “Хрумсціка” ад пачатку да канца.

Дэгустацыя прадукцыі падняла настрой і папоўніла калорыі, затрачаныя падчас экскурсіі, а фотасесія з галоўным героем брэнда Хрумсцікам, вясёлыя абдымашкі і развітанне з ім стала кульмінацыяй нашага падарожжа.

Атрымаўшы салодкія пачастункі ў падарунак ад прадпрыемства, мы рушылі дадому. З новымі ўражаннямі, новымі ведамі і сюрпрызамі для родных людзей.

 

                                                                     Юлія ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
класны кіраўнік 5-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий