Работа этнаграфічнага музея “Зямля бацькоў”  

- 10:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У верасні мінулага года ў сярэдняй школе № 22 Гродна адкрыўся этнаграфічны музей “Зямля бацькоў”, створаны намаганнямі настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Цягам многіх гадоў збіраліся розныя рэчы і вырабы. Сёння ў музеі больш за сто восемдзесят экспанатаў, наскрозь прасякнутых беларускім духам.

Вучні-экскурсаводы з ахвотай апавядаюць, як да нас трапіла тая ці іншая рэч, як яе выкарыстоўвалі ў “мінулым” жыцці. Дзесяцікласнік Андрэй Яскевіч, напрыклад, любіць расказваць пра печ, якую зрабіў творчы калектыў паважаных мною бацькоў і дзяцей 10 “А” класа, і якая некалі была (а ў многіх хатах і застаецца) цэнтрам жыцця.

Трэба адзначыць, каб яе змайстраваць, патрэбна было ведаць сакральнае значэнне печы ў хаце беларуса. Там нашы бабулі варылі ежу, пяклі хлеб, духмяныя пірагі ды іншую смакату. На ёй жа добра было пагрэцца, асабліва ў сцюжу. А побач з печчу – традыцыйныя прылады працы: маслабойка, начоўкі, качалка, пранік. Вучні добра ведаюць і іншым расказваюць пра прызначэнне гэтых прадметаў побыту.

Важнае месца ў нашай калекцыі адведзена ткацтву: тут самапрадка, кудзеля, калаўрот, матавіла, сукала, чаўнакі, верацёны. Сапраўднае захапленне выклікаюць лямпы-газніцы і вугальныя прасы. У вёсках імі карысталіся аж да 60-х гадоў. Што ўжо казаць пра шыкоўную мэблю канца XIX стагоддзя: камод, куфар, трумо, крэсла, зэдлік. Усё гэта змайстраваў і падарыў нам бацька аднаго з вучняў, разьбяр па дрэве Віталь Тугай.

Кідаюцца ў вочы старая швейная машынка, жаночыя сумкі 20–30-х гадоў мінулага стагоддзя, цэлая кампазіцыя разнастайных хустак. Усе гэтыя прадметы напоўнены жыццём і любоўю. 

Моладзь з замілаваннем разглядае даматканыя дываны, ходнікі, ручнікі, вышыванкі, выцінанкі, сурвэткі-абрусы. Гэта сапраўдныя шэдэўры нашых матуль і бабуль. У іх – жыццё, натхненне, душа. Яны прайшлі выпрабаванні і шчасцем, і бядою, але не стаміліся радаваць людзей. Гледзячы на гэты цуд, проста хочацца маўчаць у стоеным любаванні. Яны захапляюць, прывабліваюць, таму не дзіва, што трапляюць і на ўрокі працоўнага навучання. Пра гэта гасцям нашага музея з імпэтам расказвае дзесяцікласніца Аляксандра Собчык і прапануе на ўспамін зрабіць здымкі ў адмысловай фотазоне.

Трэба сказаць, што экскурсіі праводзяцца не толькі для навучэнцаў школы, але і для дзяцей з іншых навучальных устаноў, кіраўнікоў прадметных метадычных аб’яднанняў, жыхароў раёна.

Несумненна, тут – наша гісторыя, наша спадчына, наша мілая Беларусь. І нельга яе не любіць

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 22 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий